У Пэнтагоне расказалі аб падтрымцы ўкраінскіх навуковых лябараторый

Ўкраіна ня мае праграмы біялягічнай і хімічнай зброі. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыйным бюлетэні Мінабароны ЗША.

У дакумэнце зазначаецца, што за апошнія 20 гадоў Вашынгтон падтрымліваў 46 лябараторый і ўстановаў аховы здароўя. Усе яны займаліся дыягностыкай захворваньняў у сфэрах аховы здароўя і сельскай гаспадаркі.

Паводле Пэнтагону, праца ў лябараторыях вялася ў супрацоўніцтве з Сусьветнай арганізацыяй здароўя і Сусьветнай арганізацыяй здароўя жывёлаў. Мінабароны ЗША сьцьвярджае, што гэтая праца прывяла да эфэктыўнага выяўленьня захворваньняў. Украінскія навукоўцы працавалі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі, зазначаецца ў бюлетэні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве расказалі, што ў Расеі лічаць амэрыканскімі біялябараторыямі ва Ўкраіне

Расея раней заяўляла, што на тэрыторыі Ўкраіны пры падтрымцы Мінабароны ЗША дзейнічаюць лябараторыі, якія маюць дачыненьне да біялягічнай зброі. І Вашынгтон, і Кіеў гэтыя абвінавачваньні расейскага боку адмаўляюць. У Злучаных Штатах не выключаюць, што Масква наўмысна распаўсюджвае непацьверджаныя зьвесткі — для ажыцьцяўленьня ўласных біялягічных ці хімічных нападаў.

ААН раскрытыкавала Маскву за словы пра біялягічную зброю ва Ўкраіны. Арганізацыя сьцьвярджае, што ў яе няма якіх-небудзь зьвестак па распрацоўцы Кіевам біялягічнай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН абвергла заявы Расеі пра «лябараторыі біялягічнай зброі» ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыфэйк. Расея гаворыць пра чуму і халеру, а доказам выстаўляе кішэчную палачку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Расея можа выкарыстаць біялягічную або хімічную зброю