Новыя сьведчаньні расейскіх страт у вайне з Украінай: сотні лотаў на арганізацыю пахаваньняў у розных гарадах

Расейская вайсковая форма на дарозе ў вёсцы Дзьмітраўка Кіеўскай вобласьці, 1 красавіка 2022. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі на партале дзяржзакупак у траўні зьявіліся сотні лотаў на арганізацыю пахаваньняў.

Магілы закупляюць для людзей без сваякоў ці зь неабароненых сацыяльных груп, чые сем’і ня могуць аплаціць пахаваньне.

Закупак такога маштабу ў ранейшыя гады не было, пішуць карэспандэнты тэлеграм-канала «Можем объяснить». Паводле дадзеных аўтараў публікацыі, у Хабараўскам краі замоўлена капаньне 700 магіл. Аналягічны кантракт быў пяць гадоў таму, але на 120 магіл, пры гэтым быў ён значна даражэйшы за цяперашні.

Гэта сьведчыць пра тое, што сёлетнія пахаваньні арганізуюць на хуткую руку, адзначаюць журналісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

5 датычных да Беларусі вайскоўцаў загінулі на вайне з боку Расеі. Хто гэтыя людзі

Бакі ваеннага канфлікту рэдка паведамляюць пра свае страты. Мінабароны Расеі яшчэ ў сакавіку прызнала гібель больш за звыш паўтары тысячы сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіне. Украінскі бок страты расейскага войска на 103-і дзень вайны ацэньвае ў 31 250.

У сярэдзіне красавіка Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму каналу CNN паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну загінулі ад 2 500 да 3 000 украінскіх вайскоўцаў. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, яшчэ каля 10 тысяч вайскоўцаў атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.

Зяленскі таксама расказаў, што ўкраінскія ўлады пакуль ня могуць ацаніць, колькі дакладна мірных жыхароў загінулі з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, бо частка тэрыторый знаходзіцца пад акупацыяй, а таксама таму што целы могуць знаходзіцца пад заваламі.

2 чэрвеня Зяленскі заявіў, што ў баях за Данбас украінскае войска, якому не хапае цяжкага ўзбраеньня, штодня страчвае ад 60 да 100 вайскоўцаў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Севераданецку працягваюцца баі, Лісічанск разбураны на 60%; з пачатку вайны загінула 261 дзіця. 100-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: у баях на Данбасе штодня гінуць да 100 украінскіх салдатаў