Кібэркамандаваньне ЗША ўпершыню пацьвердзіла факт наступальных апэрацыяў у падтрымку Ўкраіны

Пра гэтую заяву кіраўніка ведамства, генэрала Пола Накасонэ, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Наступальныя, абарончыя, а таксама — у сфэры інфармацыйнай бясьпекі. Так апэрацыі амэрыканскіх сілаў ахарактарызаваў кіраўнік кібэркамандаваньня ЗША генэрал Пол Накасонэ ў інтэрвію тэлеканалу SkyNews.

Пол Накасонэ

Ён адзначыў, што ўсе дзеяньні ажыцьцяўляліся згодна з літарай закону, пад кантролем цывільных асобаў і ў адпаведнасьці з палітыкай, прынятай Пэнтагонам. У Белым доме, у сваю чаргу, падкрэсьлілі: апэрацыі не зьяўляюцца адхіленьнем ад дзейнай пазыцыі Вашынгтону.

Прэсавая сакратарка адміністрацыі прэзыдэнта Байдэна Карын Жан-П’ер нагадала — яшчэ да вайны Расею папярэджвалі аб тым, што ЗША маюць намер аказваць падтрымку і дапамогу Кіеву.

«Мы робім менавіта тое, пра што казаў прэзыдэнт. І ён сказаў гэта прэзыдэнту Пуціну наўпрост, яшчэ ў сьнежні — пра тое, што мы будзем рабіць, калі ён нападзе на Украіну. Мы дамо дапамогу ў сфэры бясьпекі ўкраінцам, якая будзе ў шмат пераўзыходзіць тую дапамогу, якую мы ўжо даем, каб дапамагчы ім абараніць сваю краіну», — адзначыла Жан Пʼер падчас брыфінгу ў Белым доме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СБУ: спэцслужбы Расеі выкарыстоўваюць псэўдамінаваньні сацыяльных аб’ектаў ва Ўкраіне як элемэнт гібрыднай вайны

Раней у кібэркамандаваньні паведамлялі, што ЗША праводзяць цэлую сэрыю абарончых апэрацыяў, заснаваных на запытах ад краінаў- партнэраў. Па стане на травень, усяго іх было праведзена 28 у 16 краінах, у тым ліку ў Эстоніі, Літве, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі і Ўкраіне.

«Я думаю, што мэта гэтай заявы — прадэманстраваць, што ЗША падтрымліваюць Украіну і дзеяньні краінаў Захаду ў падтрымку Ўкраіны. Падобная публічная заява зараз падкрэсьлівае тое, што ЗША робяць стаўку на кібэрпатэнцыял і нашую падтрымку намаганьняў супраць расійскага ўварваньня. Такое даводзіцца бачыць не часта — большасьць дзеяньняў у кібэрсфэры трымаюцца ў таямніцы. Гэтую сытуацыю робіць унікальнай, па-першае, той факт, што заява была зробленая, а па-другое, яе палітычная значнасьць», — адзначыў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Рычард Форна, дырэктар праграмы па кібэрбясьпецы ва ўнівэрсытэце Мэрыленду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Даклад спэцыялістаў у кібэрбясьпецы: Беларусь ад 2016 году вядзе падрыўную дзейнасьць супраць краінаў NATO з Усходняй Эўропы

Як на гэтыя заявы адрэагуюць у Крамлі і ці ёсьць пагроза прамога сутыкненьня з Масквой — гэта пытаньне, якое непакоіць некаторых экспэртаў. ЗША валодаюць магутным патэнцыялам у сфэры кібэрбясьпекі. Аднак адкрытасьць сыстэмы можа зрабіць краіну патэнцыйна ўразьлівай. У прыватнасьці, 85% крытычнай інфраструктуры ЗША знаходзіцца ў валоданьні прыватных кампаняў.

«Амэрыка валодае лепшым кібэрпатэнцыялам у сьвеце. Але пытаньне ў тым, як выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці супраць закрытага грамадзтва? Паўночная Карэя, Кітай ці Расея — у іх усіх ёсьць перавага, таму што ў нас структура настолькі адкрытая», — распавёў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» прафэсар унівэрсытэту Вэбстэра Джэймс Кэрціс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка даў параду чыноўнікам наконт інфармацыйнай бясьпекі: «Пішыце ад рукі і складайце ў шуфляду»

Пры гэтым, падкрэсьлівае Кэрціс, наступальныя апэрацыі ЗША ў кібэрсфэры ніколі не скіраваныя на цывільнае насельніцтва:

«Мы не можам адключаць электрычныя сеткі, што можа прывесьці да ахвяраў. Мы не зможам атакаваць водныя сыстэмы і іншыя крытычна важныя абʼекты інфраструктуры, атамныя электрастанцыі і падобныя абʼекты, што можа прывесьці да вялізных стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Амэрыканскія наступальныя дзеяньні найперш сканцэнтраваныя на вайсковыя мэты камандаваньня і кантролю. Атакаваць цывільныя мэты — незаконна, неэтычна і амаральна. І амэрыканскія пратаколы пабудаваныя такім чынам, каб не дазволіць гэтаму здарыцца. І гэта прынцыпова адрозьніваецца ад таго, што мы бачым зараз ва Ўкраіне, дзе расейцы нападаюць на школы і шпіталі. Гэта — ваеннае злачынства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хакеры ўзламалі Rutube, каманда сайту аднаўляе яго ўжо суткі

Напярэдадні ўварваньня ва Ўкраіну і адразу пасьля гэтага Расея ўчыніла шэраг кібэратакаў на ўкраінскую інфраструктуру. Дэталі некаторых апэрацыяў прадставіла кампанія Microsoft у справаздачы ў канцы красавіка, таксама адзначыўшы, што часта апэрацыі ў кібэрсфэры супадалі па часе з традыцыйнымі вайсковымі нападамі.