Зь беларускага рынку выходзіць Parimatch, ужо другая букмэкерская кампанія за апошні час
Parimatch быў спонсарам шэрагу спартовых спаборніцтваў у Беларусі. На здымку —сымболіка кампаніі на фінальным матчы футбольнага кубку Таджыкістану, дзе кампанія працягвае працаваць
Вядомы брэнд онлайн-казіно і ставак на спорт Parimatch некалькі гадоў быў сярод лідэраў свайго сэгменту рынку.
ТАА «Статускво», якое раней было часткай холдынгу Parimatch, пераходзіць у статус незалежнага суб’екта. Міжнародная кампанія Parimatch выходзіць са статутнага капіталу беларускай кампаніі, піша Zerkalo.
«У найбліжэйшы час мы анансуем старт працы пад новым брэндам. Для гульцоў на лякальным рынку, як і раней, даступны ўсе сэрвісы ў поўным аб’ёме. Працягваюцца ўсе бягучыя партнэрскія і сацыяльныя праекты. Мы плянуем павялічыць інвэстыцыі ва ўласную распрацоўку і tech-рашэньні для ўзмацненьня прадукту. Цяпер большая частка працэсаў ужо на баку беларускага офісу. У гэты момант адбываецца перавод падтрымкі сэрвісаў пад кіраваньне лякальнай каманды», — адзначыла Юлія Ляшкова, кіраўніца беларускай кампаніі.
Parimatch мае штаб-кватэру ў Лімасоле на Кіпры, кампанія заснаваная ў 1994 годзе. У Беларусь кампанія прыйшла ў 2004-м. У Расеі сёлета Parimatch заявіла пра сыход зь мясцовага рынку за вайну ва Ўкраіне, яна зьмяніла ўласьніка і зьмяніла назву.
Нядаўна беларускі рынак пакінула кампанія Favbet. Цяпер сярод кампаній, якія прымаюць стаўкі на спорт, у Беларусі засталіся працаваць «Макслайн», Marafon і «Фонбет».