«Мой муж апошні раз выходзіў на сувязь 17 траўня. Цяпер невядома, што зь ім, дзе ён, ці жывы ён, ці не закатаваны. У той дзень я знаходзілася ў амбасадзе Ўкраіны ў Анкары, муж напісаў мне страшнае паведамленьне, што з 32 вайскоўцаў з узводу, у якім ён служыў, 24 загінулі. 17 з гэтых 24 загінулі за адзін раз, калі ў часе авіяналёту скінулі фосфарную бомбу. Яны абвугліліся, і засталіся толькі косткі. З тых 8, якія ўцалелі, 7 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. І толькі адзін ня быў паранены. У такіх умовах больш за 80 дзён трывала абарона. Я хачу, каб вы ведалі пра гэта», — паведаміла Наталка Зарыцкая, жонка аднаго з абаронцаў Марыюпалю.
Паводле яе, абаронцы Марыюпалю выканалі ўсе загады камандаваньня, у тым ліку скласьці зброю і захаваць жыцьцё, перад іхным вывадам з «Азоўсталі».
«Мы замерлі на пэўны час і абвугліліся, як Марыюпаль, чакаючы экстракцыі. Але цуду не адбылося. Мы маем шок, але ня можам бязьдзейнічаць, бо выхад нашых герояў з „Азоўсталі“ — не канец, а пачатак новага этапу барацьбы», — заявіла Наталка Зарыцкая.
Ініцыятарка стварэньня арганізацыі паведаміла, што Расея парушае Жэнэўскую канвэнцыю, паводле якой палонныя маюць права тэлефанаваць сваякам. Наталка Зарыцкая дадала, што ў Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа ёй паведамілі аб уключэньні яе мужа ў сьпіс вывезеных з «Азоўсталі» вайскоўцаў.
«Але на ўсе мае пытаньні, ці жывы, у якім стане, куды іх накіравалі, мне ніякай інфармацыі не далі. Муж казаў, што гэта будзе тэрыторыя, падкантрольная Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер пра мужа я нічога ня ведаю. Я вельмі хацела б, каб адбывалася камунікацыя з гэтай установай, таму што іхны абавязак ва ўмовах вайны — быць мастком між сваякамі і палоннымі, мастком у пошуку целаў загінулых і тых, хто бязь вестак прапаў», — сказала жонка ўкраінскага вайскоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чырвоны Крыж: колькасьць украінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» для абмену з Расеяй застанецца канфідэнцыйнайПра адсутнасьць інфармацыі аб палонных вайскоўцах, якіх вывезьлі з «Азоўсталі», заявілі яшчэ некалькі сваякоў.
«Мы разумеем, што вызваленьне ўсіх нашых абаронцаў, якія знаходзяцца ў руках ворага, магчымае толькі пры дапамозе міжнароднай супольнасьці, камандаваньня і ўсяго народу Ўкраіны. Мы патрабуем і заклікаем да выкананьня правоў, прадугледжаных Жэнэўскай канвэнцыяй. Мы просім і зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці, каб дапамаглі вярнуць дадому целы нашых герояў», — сказала жонка вайскоўца, які служыў у Данецкім памежным атрадзе і абараняў Марыюпаль.
Украіна і Расея дамовіліся аб вывадзе з 16 траўня з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» украінскіх вайскоўцаў, якія абаранялі Марыюпаль больш за 80 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Малая, мы наўрад ці пабачымся». Аточаныя расейскім войскам абаронцы Марыюпалю разьвітваюцца са сваімі блізкіміУвечары 20 траўня Міністэрства абароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. Расейскае ведамства сьцьвярджае, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Камандзір палка «Азоў» патэлефанаваў жонцы з расейскага палону, расказаў пра ўмовыУкраінскі бок не ўдакладняе колькасьці вывезеных з «Азоўсталі» вайскоўцаў. Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заяўляла, што працэс абмену будзе адбывацца на падставе мэханізмаў Жэнэўскай канвэнцыі і зьяўляцца празрыстым. Але колькасьці вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на падкантрольных Расеі тэрыторыях, не ўдакладняюць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.