Пуцін падпісаў указ пра спрошчаны прыём у расейскае грамадзянства жыхароў Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны

Пашпарт грамадзяніна Расеі

Указ Пуціна, апублікаваны на афіцыйным партале праўнай інфармацыі, уступае ў сілу з 25 траўня.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным прыёме ў расейскае грамадзянства жыхароў Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны. Гэтыя тэрыторыі ў значнай ступені акупаваныя расейскім войскам, і акупацыйныя ўлады раней заяўлялі аб намеры далучыць іх да Расеі, піша BBC.

Чалец так званага «галоўнага савета вайскова-цывільнай адміністрацыі Запароскай вобласьці» Ўладзімір Рогаў, прызначаны расейскімі ўладамі, заявіў, што рэгіён возьме курс на ўваход у склад Расеі — «пасьля поўнага вызваленьня вобласьці ад украінскіх нацыяналістаў».

Да гэтага аб плянах уваходжаньня ў склад Расеі гаварыў іншы калябарант — «намесьнік кіраўніка вайскова-цывільнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці» Кірыл Стрэмусаў.

«Мы не плянуем быць асобнай незалежнай рэспублікай. Наша асноўная задача — быць суб’ектам у складзе Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў ён «РИА Новости» напярэдадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Южная Русь». Перахоплены расейскі сцэнар аб квазідзяржаве на тэрыторыі Ўкраіны

У акупаваных частках Запароскай і Херсонскай абласьцей ужо ўведзеныя бівалютныя зоны: там можна расплачвацца і грыўнямі, і рублямі.

У 2019 годзе Пуцін падпісаў указ, які дазваляе атрымліваць расейскія пашпарты паводле спрошчанай схемы жыхарам Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны.

У ліпені летась першы намесьнік кіраўніка камітэту Дзяржаўнай думы ў справах СНД Віктар Вадалацкі паведамляў, што грамадзянства Расеі спрошчаным чынам атрымалі 611 тысяч жыхароў Данбасу, і прагназаваў, што да канца году іх будзе 2 мільёны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Актыўных людзей выкрадаюць ці проста страляюць». Што мясцовыя жыхары расказваюць пра акупацыю і супраціў Херсона
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Энэргадары падарвалі кіраўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.