Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Актыўных людзей выкрадаюць ці проста страляюць». Што мясцовыя жыхары расказваюць пра акупацыю і супраціў Херсона


У цэнтры акупаванага Херсону, красавік 2022
У цэнтры акупаванага Херсону, красавік 2022

Херсон і большую частку Херсонскай вобласьці расейская армія акупавала ў пачатку сакавіка. Улічваючы акупаваную плошчу, расейцы цяпер спрабуюць арганізаваць псэўдарэфэрэндум аб стварэньні чарговай «народнай рэспублікі» па аналёгіі з так званымі «ЛНР» і «ДНР».

Украінская выведка паведамляла, што рэфэрэндум нібыта быў заплянаваны на 27 красавіка, але ён не адбыўся. Імаверна таму, што расейцы не змаглі знайсьці дастатковай для яго арганізацыі колькасьці калябарантаў у рэгіёне.

Аб акупацыі і супраціве мясцовых жыхароў расейскай арміі Свабода паразмаўляла з двума херсонскімі журналістамі, Багданам і Гнатам, якія, нягледзячы на небясьпеку, застаюцца ў Херсоне. Свабода ў мэтах іхнай бясьпекі зьмяніла сапраўдныя імёны суразмоўцаў. Цяпер, нават калі б яны захацелі зьехаць, то гэта ўжо немагчыма — расейскія войскі заблякавалі ўсе выезды з гораду.

Баявыя дзеяньні ідуць у чатырох грамадах рэгіёну

У Херсонскай вобласьці налічваецца крыху больш за адзін мільён жыхароў. Адміністрацыйна вобласьць падзеленая на 5 раёнаў (Бярыслаўскі, Генічаскі, Кахоўскі, Скадоўскі і Херсонскі), якія арганізаваныя ў 49 аб’яднаных тэрытарыяльных грамад.

Нягледзячы на тое, што пад кантролем Расеі знаходзіцца большая частка вобласьці, расейская армія не спыняецца — у чатырох грамадах цяпер баявыя дзеяньні — у Высакапольскай і Новаваранцоўскай (на мяжы з Днепрапятроўскай вобласьцю), а таксама ў Вялікааляксандраўскай і Станіслаўскай (на мяжы зь Мікалаеўскай вобласьцю).

«Баі адбываюцца зусім побач ад Херсону ў кірунку Мікалаева. З Скадоўску (расейцы) абстрэльвалі Мікалаеў. У кірунку на Крывы Рог вельмі цяжкія баі ідуць. З Крыму бесьперапынна нешта ідзе да нас праз Антонаўскі мост, які спалучае Херсон і Алешкі, цягнецца гэтая цяжкая тэхніка, і потым яе разьмяркоўваюць па кірунках да Крывога Рога і ў напрамку Мікалаева і легендарнай Чарнабаеўкі», — расказвае Багдан.

Мітынг у акупаваным Херсоне, 5 сакавіка 2022
Мітынг у акупаваным Херсоне, 5 сакавіка 2022

Паводле яго, расейцы цягам акупацыі абстрэльвалі цывільныя машыны, закладвалі ў іх выбухоўку. «Расейцы заміноўваюць палі і дарогі між сёламі, каб людзі ня ехалі», — дадаў журналіст.

«Найбольш цяжка сялянам»

Багдан кажа, што сытуацыя ў Херсоне і сельскіх грамадах вельмі розная.

«У Херсоне ёсьць магчымасьць купляць ежу, прадметы першай неабходнасьці. Цяжка зь лекамі, але дапамагаюць валянтэры, а ў сельскай мясцовасьці акупанты аточваюць населеныя пункты і абстрэльваюць, не дазваляючы завозіць прадукты. Блякуюць практычна цалкам», — тлумачыць ён.

Таму, дадае ён, у сельскай мясцовасьці ёсьць праблемы з прадуктамі — людзі галадаюць, сядзяць у падвалах і іх пастаянна абстрэльваюць.

«У кожным раённым цэнтры, у кожнай грамадзе могуць быць свае ўмовы. Абласны цэнтар аточаны, зь яго практычна нельга выехаць».

Журналіст кажа, што расейцы расставілі па вобласьці вельмі шмат блёк-пастоў. Зь Вялікадня яны намагаюцца ўвогуле нікога не выпускаць з населеных пунктаў.

«Але людзей стала значна менш. Вельмі шмат выехалі. З Херсону амаль палова насельніцтва выехала». Да вайны ў абласным цэнтры пражывала блізка 300 тысяч грамадзян.

Расея прызначыла акупацыйнае кіраўніцтва з атачэньня Януковіча

26 красавіка расейцы супольна зь мясцовымі калябарантамі захапілі гарадзкую раду, правялі першыя «арганізацыйныя» зборы, на якіх кіраўніком вобласьці прызначылі Ўладзіміра Сальда — колішняга паплечніка Віктара Януковіча. У часе сваёй дзейнасьці ў Партыі рэгіёнаў яго тройчы выбіралі мэрам Херсону.

Цяпер кіраўніком Херсону стаў Аляксандар Кобец — колішні супрацоўнік КДБ і СБУ. Мясцовыя журналісты не выключаюць, што пасьля выхаду на пэнсію ён зьехаў у Маскву, адкуль вярнуўся перад захопам Херсону.

«Амаль увесь час акупацыі трывала абарона гарадзкой рады, але два дні таму туды зайшлі расейцы, выгналі чыноўнікаў гарадзкой рады і мэра, зьнялі наш сьцяг, уладкавалі там сваю квазіадміністрацыю і прызначылі гаўляйтэраў. Але мэр Херсону застаецца ў горадзе і працягвае ўплываць на працу камунальных службаў», — расказаў Багдан.

Але, паводле яго, ніводзін супрацоўнік камунальных службаў не пагадзіўся на супрацу з акупацыйнай уладай.

«Масава пішуць звароты да законнага мэру і паведамляюць, што яны пераходзяць на дыстанцыйны рэжым працы».

«Вельмі страшна стала выходзіць на вуліцу»

Багдан кажа, што з пачатку на праўкраінскія акцыі ў Херсоне выходзілі па 6-7 тысяч чалавек. Але цяпер істотна менш.

«На 27 красавіка анансавалі так званы рэфэрэндум, навезьлі людзей з Крыму. У нас тут Расейская гвардыя ходзіць па вуліцах, але, наколькі я разумею, не змаглі набраць сярод мясцовых дастатковай колькасьці здраднікаў для нават пастановачнага мітынгу. Людзі выйшлі на праўкраінскі мітынг, але яго разагналі».

«Людзі працягваюць выказваць сваю праўкраінскую пазыцыю, нягледзячы на тое, што тут рэальна вельмі страшна, актыўных людзей выкрадаюць ці проста страляюць. На блёк-пастах мужчыны абшукваюць жанчын, правяраюць тэлефоны, торбы. Але найбольш пільна ставяцца да мужчын».

Замест украінскай паказваюць расейскую тэлевізію

У сярэдзіне сакавіка расейцы захапілі тэлевежы і адключылі ўкраінскую тэлевізію. Але гэта толькі прыскорыла лічбавізацыю пажылых людзей.

«Цяпер нашы старэнькія яшчэ хутчэй пачалі асвойваць лічбавую аплікацыю „Дія“, у якой наша міністэрства зрабіла трансьляцыю ўкраінскіх каналаў. Як я назіраю за сваімі знаёмымі, ніхто зь іх расейскую тэлевізію не глядзіць», — дадаў Багдан.

Пэрыядычна, кажа ён, адбываюцца перабоі з тэлефоннай сувязьзю і інтэрнэтам.

«Калі параўноўваць з жыцьцём да вайны, то праблема ёсьць, але інтэрнэту дастаткова, каб паглядзець навіны», — адзначыў журналіст.

Б’юць, катуюць і адначасова баяцца

Багдан дадаў, што стаўленьне расейцаў да мясцовых вельмі рознае.

«Наколькі я разумею, у іх тут некалькі груповак, кожная зь якіх адказвае за свой кірунак. Ёсьць тыя, хто ламае дзьверы і шукае актывістаў, у іншых задача — красьці. Шараговыя салдаты часам запытваюцца, чаму людзі іх баяцца, бо яны ж „освобождать пришли“. Ім адразу адказваюць, што пра іх думаюць, асабліва нашы старыя людзі ня стрымліваюцца».

«У вёсках, наколькі я ведаю ад сваіх знаёмых, проста тэрарызуюць людзей — пагражаюць расправай, гвалтам, рабуюць на вачах суседзяў. Расказваюць таксама і пра выпадкі гвалтаваньня. Акупанты кажуць, што іх нічога не спыняе, могуць зрабіць што заўгодна», — адзначыў журналіст.

Багдан расказаў гісторыю свайго знаёмага, які выпадкова ня выдаліў з тэлефона ліставаньне, у якім было слова «оркі». Расейцы ўжо добра ведаюць, што ўкраінцы іх так называюць, і на блёк-пасту пасьля праверкі тэлефона, пабачыўшы гэтае слова, яго проста пабілі.

«Я размаўляў зь людзьмі, якія вяртаюцца з расейскага палону, што там іх катуюць. І ўсе пасьля палону выяжджаюць з Херсону. Там вельмі жорстка зьдзекуюцца. Усё тое, што напісаў украінскі журналіст Станіслаў Асееў пасьля вяртаньня з палону ў Данецку... Ягонае апісаньне супадае з апавяданьнямі тых, хто вяртаецца цяпер з расейскага палону», — падзяліўся журналіст.

Мітныг пратэсту ў Херсоне, 6 сакавіка 2022
Мітныг пратэсту ў Херсоне, 6 сакавіка 2022

У той жа час, кажа Багдан, ёсьць і кур’ёзныя выпадкі.

«Быў адзін выпадак, як малады расейскі салдат зайшоў у краму ў цывільным, а прадавачка не разабралася, што ён расеец, і кажа яму: „Што ж ты такі худзенькі? Можа, цябе падгадаваць?“. Той перапужаўся і выскачыў са страхам у вачах з крамы, бо яны ўжо ведаюць, што пасьля ежы ў мясцовых, яны атручваюцца. Было і такое. Мне аб гэтым выпадку расказаў сьведка, дык ён кажа, што з гэтага сьмяялася ўся крама», — згадаў журналіст.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што расейцы ў часовым сьледчым ізалятары Херсона ўтрымліваюць больш за 300 праўкраінскіх актывістаў і вэтэранаў вайны на Данбасе. Паводле зьвестак выведнікаў, усіх гэтых людзей дапытваюць і катуюць.

«Чаму я мушу ехаць? Няхай расейцы зьяжджаюць!»

Яшчэ адзін херсонскі журналіст Гнат вырашыў застацца ў Херсоне, нягледзячы на небясьпеку, а цяпер, калі расейцы цалкам заблякавалі ўсе выезды з горада, уцячы з гораду ўжо немагчыма.

«Я ніколі сябе не лічыў баязьлівым, хаця цяпер жыву ў такіх умовах, калі законы Ўкраіны ня дзейнічаюць. Тут Оркастан, і цяпер яны нікога не выпускаюць з гораду. Але нават калі яшчэ магчыма было выехаць, я такой думкі не дапускаў. Я вельмі люблю Херсон. Гэта мой родны горад, я тут нарадзіўся. Чаму я мушу ехаць са свайго роднага гораду? Няхай яны (расейцы) зьяжджаюць!».

Паводле яго, у ноч 28 красавіка ў Херсоне зноў былі чуваць выбухі. Але Гнат кажа, што гэта сыстэмы СПА зьбілі некалькі ракет у паветры. Такім чынам расейцы ствараюць карцінку, каб абвінавачваць Украіну ў тым, што яна сама абстрэльвае свае гарады.

У той жа час, сьцьвярджае Гнат, у горадзе пакуль няма ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да рэфэрэндуму.

«Мы ведаем пра такія намеры толькі з вонкавых крыніц. Я знаходжуся ў Херсоне і нічога не назіраю. Так, зэткі (расейскія вайсковыя машыны, пазначаныя літарай Z. — РС) езьдзяць па горадзе, яны намагаюцца выконваць нейкія свае пляны... Але я не разумею, як тэхнічна яны могуць правесьці „рэфэрэндум“. Яны могуць намаляваць нейкую сваю карцінку, могуць сабраць там, умоўна кажучы, нейкіх 30 мясцовых калябарантаў або прывезьці людзей з Крыму, якія паднімуць рукі і скажуць: так, мы за „ХНР“, але правесьці „рэфэрэндум“... Я ня бачу, як яны могуць гэта зрабіць», — патлумачыў журналіст.

Гнат кажа, што цягам усёй акупацыі ў Херсон пэрыядычна завозяць чужых людзей, асабліва гэта было на пачатку, калі мясцовыя моцна супраціўляліся і не хацелі браць у расейцаў гуманітарную дапамогу. «Цяпер, на жаль, праз блякаваньне гораду „гуманітарку“ бяруць і мясцовыя. Але вялікай колькасьці чужынцаў я пакуль не назіраю», — дадаў ён.

Херсон, красавік 2022
Херсон, красавік 2022

«Калі ў маіх сацсетках зьявіцца допіс „Я люблю Расею“, ведайце: мяне затрымалі»

Журналіст кажа, што расейцы пільна палююць на ўкраінскіх актывістаў і журналістаў, а калі іх затрымліваюць, то найперш патрабуюць паролі для доступу ў іхныя сацыяльныя сеткі.

«А потым ужо публікуюць допісы ад іхнага імя, штосьці накшталт таго, што „Калі б ня доблесная расейская армія, то ўкраінскія нацыяналісты ўжо даўно б разбамбілі Херсон“. Таму, калі ў мяне ў сетках зьявіцца допіс: „Я люблю Расею!“, то ведайце: мяне затрымалі», — папярэдзіў Гнат.

Аднак журналіст перакананы, што расейская акупацыя Херсону і Херсонскай вобласьці ненадоўга.

«Я аптыміст па жыцьці і думаю, што ўсё будзе добра. Апроч таго, я бязьмежна веру ў нашу ўкраінскую армію», — падкрэсьліў Гнат.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG