Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фронце безь перамен? Ці наблізілася да сваіх мэтаў Расея за чатыры дні другога этапу вайны ва Ўкраіне


Дым над заводам «Азоўсталь» пасьля расейскіх абстрэлаў. Марыюпаль, 25 красавіка
Дым над заводам «Азоўсталь» пасьля расейскіх абстрэлаў. Марыюпаль, 25 красавіка

22 красавіка намесьнік камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі Рустам Мінекаеў назваў дзьве мэты, якія расейскія войскі плянуюць дасягнуць у часе другога этапу вайны супраць Украіны: забесьпячэньне сухапутнага выхаду ў Крым і Прыднястроўе.

Свабода прааналізавала, як зьмяніліся пазыцыі расейскай і ўкраінскай арміі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.

Інфармацыі пра баявыя дзеяньні ўсё менш

У сваіх зводках абодва бакі з кожным днём усё больш абмяжоўваюць інфармацыю пра баявыя дзеяньні, асабліва ў прывязцы да геаграфіі і назваў населеных пунктаў.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны інфармуе пераважна аб кірунках, дзе адбываюцца баявыя дзеяньні — данецкі, луганскі і слабажанскі (Харкаў і ягоныя ваколіцы). Па ўсіх іх Расея не спыняе наступу.

Па тым, што пазыцыі бакоў амаль не зьмяніліся і ніводзін зь іх асабліва не прасунуўся ні назад, ні наперад, можна меркаваць аб жорсткасьці баявых дзеяньняў і колькасьці стратаў. Паводле вайсковых законаў, звычайна той бок, які наступае, больш і страчвае.

Як сьведчаць асобныя паведамленьні мясцовых уладаў на ўсходзе Ўкраіны, расейская армія задзейнічала ўсе магчымыя віды зброі — авіяцыю, артылерыю, зэнітныя сыстэмы. У некаторых раёнах баі перайшлі нават на стралковую зброю.

На Луганшчыне адбілі шэсьць атак расейцаў

Улады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што за мінулыя суткі ўкраінскае войска адбіла шэсьць атак расейцаў. Апошнія чатыры дні баі канцэнтруюцца ў Рубежным і Папаснай. Безь перапынку пад абстрэлам расейцаў знаходзяцца Лісічанск, Севераданецк і Горская грамада.

Праз абстрэлы ў Луганскай вобласьці без электрычнасьці застаюцца 36 населеных пунктаў, а бяз газу — 46 паселішчаў. У Папаснай не засталося ніводнага ўцалелага жылога будынку. У Лісічанску расейцы трэці раз абстралялі нафтаперапрацоўчы завод.

Улады спрабуюць эвакуаваць усіх мясцовых жыхароў.

Міністэрства абароны Расеі пераконвае, што ў Луганскай вобласьці расейскія войскі дастаўляюць і раздаюць гуманітарную дапамогу. Але пры гэтым не называюць ніводнага населенага пункту. Як вядома, частка Луганскай вобласьці знаходзіцца пад кантролем так званай «ЛНР» з 2014 году.

Данеччына. Асноўныя ўдары — па Марыюпалі

Нягледзячы на загад расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна не штурмаваць прамысловую пляцоўку заводу «Азоўсталь», дзе ў бомбасховішчах застаюцца цывільныя, расейскія войскі не спыняюць абстрэлы як зь цяжкага ўзбраеньня на зямлі, так і з паветра вайсковай авіяцыяй.

Галоўны кірунак, які цяпер спрабуюць прарваць і захапіць расейцы, — горад Ліман і населеныя пункты Ліманскай грамады. У выпадку пасьпяховага наступу расейцы змогуць выйсьці зь яшчэ аднаго боку на Ізюм Харкаўскай вобласьці, дзе цяпер таксама адбываюцца баі, а адтуль праз Днепрапятроўскую і Запароскую вобласьць — у Прыазоўе.

Украінскія ўлады намагаюцца эвакуаваць адтуль мірных жыхароў, а вайскоўцы пакуль стрымліваюць наступ.

Ад пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў Данецкай вобласьці загінулі 270 цывільных. Колькасьць ахвяр сярод мірных жыхароў Марыюпалю і Валнавахі дагэтуль невядомая.

Харкаў і Харкаўская вобласьць

На слабажанскім кірунку Расея ўзмацніла сваю вайсковую групоўку. Расейцы ўсё яшчэ часткова блякуюць Харкаў і прыцэльна абстрэльваюць пазыцыі ўкраінскіх войскаў і аб’екты крытычнай інфраструктуры.

Адначасова расейцы спрабуюць прарвацца адразу праз два населеныя пункты вобласьці — Ізюм і Заводы. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што ў раёне Балаклеі вайскоўцы зьбілі расейскі зьнішчальнік-бамбавік Су-34.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ў Харкаўскай вобласьці ў раёне населеных пунктаў Новая Дзьмітраўка і Курулька «высокадакладнымі ракетамі» пацэлілі ў два раёны канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў, зброі, а таксама ў два склады з боепрыпасамі. Новая Дзьмітраўка і Курулька знаходзяцца за 30 и 40 км ад Ізюма.

Поўдзень. Запароская і Херсонская вобласьці

Раніцай 26 красавіка расейцы выпусьцілі як мінімум тры ракеты па Запарожжу. Дзьве зь іх праляцелі надзвычайна блізка ад Запароскай АЭС, а трэцяя разарвалася ў паветры. Пакуль улады не паведамляюць аб наступствах гэтага абстрэлу.

Вядома, што на другі дзень вайны Расея акупавала шэсьць населеных пунктаў Запароскай вобласьці, у тым ліку Бярдзянск і Мелітопаль. Расея спрабуе наступаць у раёне Трудалюбаўка (на мяжы зь Днепрапятроўскай вобласьцю) і ў Палогавым раёне, каб яшчэ і з гэтага боку атачыць украінскія войскі.

Херсон і большую частку Херсонскай вобласьці расейская армія акупавала ў пачатку сакавіка. Улічваючы акупаваную плошчу, расейцы цяпер спрабуюць арганізаваць псэўдарэфэрэндум аб стварэньні чарговай «народнай рэспублікі» па аналёгіі так званых «ЛНР» і «ДНР».

Пра якія посьпехі паведамляе Расея

Міністэрства абароны Расеі ўсё часьцей дае асобныя паведамленьні аб посьпехах на ўкраінскім фронце. Але ў іх пераважна ўвогуле адсутнічае геаграфічная прывязка.

Раніцай 26 красавіка ў Маскве паведамілі пра тое, што ўзялі пад кантроль «базу захоўваньня і рамонту тэхнікі Ўзброеных сіл Украіны», на якой знаходзілася калі 100 адзінак тэхнікі, у тым ліку комплексы супрацьпаветранай абароны.

У паведамленьні пералічваецца вялікая колькасьць трафэяў, але па апублікаваным відэазапісе ўвогуле складана зразумець, у якой краіне і калі ён зроблены.

Пры гэтым тэхніка, прадэманстраваная на відэазапісе Міністэрства абароны, вельмі падобная на радыёлякацыйны комплекс выведкі і кантролю стральбы «Зоопарк-1», які знаходзіцца на ўзбраеньні Расеі, або на станцыю наземнай артылерыйскай выведкі «Леопард».

У 2016 годзе замежныя журналісты, а таксама журналісты-расьсьледнікі міжнароднай групы Іnformnapalm шмат пісалі пра гэтыя станцыі, якія знайшлі ў Данецку на ўзбраеньні так званай «ДНР».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG