WSJ: Захад можа прыпыніць санкцыі супраць беларускага калію, калі ўлады Беларусі пагодзяцца на транзыт украінскага збожжа

Блякада Расеяй чарнаморскіх портаў і ракетныя ўдары па ўкраінскай чыгунцы заблякавалі пастаўкі на міжнародныя рынкі ўкраінскіх сельскагаспадарчых прадуктаў. Гэта ня толькі пакінула Ўкраіну без крыніц даходаў, але і пагражае голадам дзясяткам мільёнаў людзей у Азіі і Афрыцы.

Ва ўкраінскіх сховішчах застаецца каля 20 мільёнаў тон збожжа, прызначаных на экспарт. Бяз гэтага экспарту цэны на прадукты харчаваньня на сусьветных рынках вырастуць. Для насельніцтва краін Захаду гэта не крытычна, але рост цэнаў на харчы ў такіх краінах, як Эгіпет, Шры-Лянка ці Пакістан, можа прывесьці да маштабнага крызісу.

Экспарт украінскага збожжа ў чацьвер абмяркоўвалі ў Радзе Бясьпекі ААН. У пасяджэньні ўзялі ўдзел генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Гутэрыш паведаміў, што ідзе праца над пакетным пагадненьнем, якое дазволіць экспарт сельгаспрадукцыі Ўкраінай ня толькі праз чыгунку, але і праз Чорнае мора, узамен на дазвол экспарту расейскіх прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў на сусьветныя рынкі, піша амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal. Аднак прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя адмовіўся ад закліку да перамоваў аб дэблякадзе чарнаморскага ўзьбярэжжа Ўкраіны.

ЗША і кіраўніцтва ААН разглядаюць як альтэрнатыву транзыт украінскага збожжа празь Беларусь. Паводле The Wall Street Journal, улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага экспарту, калі Менск пагодзіцца на транзыт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю да порту ў літоўскай Клайпедзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Наступствы санкцый: Беларусь прадае калій больш як у 2 разы таньней за Расею і Канаду

«Беларуськалій» і «Беларуская калійная кампанія» трапілі пад заходнія санкцыі ў 2021 годзе, аднак маштабна гэтыя санкцыі запрацавалі толькі ў лютым 2022 году, калі Літва спыніла транзыт беларускага калію на сусьветныя рынкі.

The Wall Street Journal піша, што нават калі наладзіць пастаўкі ўкраінскага збожжа празь Беларусь, па чыгунцы можна будзе перавезьці толькі 10% даваенных экспартных аб’ёмаў паставак з Украіны.