У Генштабе Ўкраіны заявілі, што расейскія войскі асталёўваюцца на аэрадроме «Зябраўка» пад Гомлем

Аэрадром у Зябраўцы пад Гомлем

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што ўкраінская выведка не назірае прыкмет фармаваньня ўдарных расейскіх груповак для атакі зь Беларусі на ровенскім і жытомірскім кірунках.

У той жа час, паводле яго, пагроза нанясеньня ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх аб’ектах застаецца.

«Паводле наяўных зьвестак, праціўнік распачаў захады інжынэрнага абсталяваньня аэрадрому „Зябраўка“ Гомельскай вобласьці, які ў далейшым можа выкарыстоўвацца як вайсковая база Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — паведаміў Аляксей Громаў 19 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявіліся спадарожнікавыя здымкі дыслякацыі расейскіх войскаў каля Гомля. ФОТА

Вёска Зябраўка знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад Гомля і за 33 кілямэтры ад Дабранкі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.

Паводле Громава, у Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях Беларусі адбываецца праверка здольнасьці мясцовых органаў улады па фармаваньні органаў кіраваньня і падразьдзяленьняў тэрытарыяльнай абароны.

«На адным з палігонаў адбылося трэнаваньне па ўзьвядзеньні пантоннай пераправы і фарсаваньні воднай перашкоды — ракі Нёман падразьдзяленьнямі 6-й асобнай мотастралковай брыгады гораду Горадні. Напэўна, беларусам не даюць спакою ляўры батальённа-тактычнай групы 74-й асобнай мотастралковай брыгады Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, якая фарсавала раку Северскі Данец у раёне Белагародкі Луганскай вобласьці і панесла значныя страты», — дадаў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзе ў Беларусі яшчэ застаюцца расейскія войскі. МАПА