Ва Ўкраіне задакумэнтавалі 245 фактаў экацыду, за якія Расея мусіць кампэнсаваць нанесеную шкоду

Траншэі, якія капалі расейскія захопнікі ў чарнобыльскай зоне, сакавік 2022

Міністар абароны навакольля і прыродных рэсурсаў Украіны Руслан Стрылец заявіў, што ўкраінскія ўлады будуць дабівацца ў міжнародных судах ад Расеі кампэнсацыі шкоды, нанесенай экасыстэмам у выніку ваенных дзеяньняў.

«Мы ўжо маем больш за паўтары тысячы фактаў зьнішчэньня нашых земляў і экасыстэм. Усе гэтыя факты фіксуюцца, мы іх вэрыфікуем з пункту гледжаньня падліку шкоды і правільнасьці як фіксацыі. З намі працуюць юрыдычныя кампаніі, якія дапамагаюць правільна арганізаваць працу па зборы такога матэрыялу для міжнародных судоў», — сказаў Руслан Стрылец 19 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, належна зафіксавалі 245 выпадкаў экацыду на тэрыторыі Ўкраіны і ў акваторыі Чорнага мора, у тым ліку 34 на Кіеўшчыне, 28 — у Данецкай вобласьці, па 22 — у Днепрапятроўскай і Луганскай абласьцях.

«За апошнія 20 гадоў гэта першы ваенны канфлікт у сьвеце, які наносіць такую маштабную шкоду навакольлю. Расейскія ракеты бамбяць нашы нафтабазы, ЦЭЦ, заводы з хімікатамі. Гарыць лес, зьнішчаюць каштоўныя запаведныя аб’екты. І гэта істотна ўплывае на навакольле», — патлумачыў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абстрэл расейцамі Севераданецку; Сэнат ЗША ўхваліў 40 млрд даляраў дапамогі. 85-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Руслан Стрылец паведаміў, што, паводле папярэдніх ацэнак, у выніку акупацыі Чарнобыльскага біясфэрнага запаведніку нанесеная шкода больш як на 2,5 мільярда грыўняў (прыблізна 85 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

«Расейцы вывелі са строю сыстэму, і мы страцілі доступ да інфармацыі аб радыяцыйным стане ў зоне адчужэньня. Цяпер частка пастоў аднавіла сваю працу, і мы цяпер займаемся тым, каб перадаваць у онлайн-рэжыме інфармацыю, даступную кожнаму ўкраінцу. Яны зьнішчылі найноўшую цэнтральную аналітычную лябараторыю ў горадзе Чарнобыль — гэта амаль 100 адзінак сучаснага абсталяваньня. Яны рабавалі і зьнішчалі шмат кампутарнай тэхнікі, і мы цяпер працуем над яе аднаўленьнем», — удакладніў міністар.

Паводле яго, у запаведнай зоне адчужэньня зьнішчана амаль 12 тысяч гектараў зямлі. «Гэта вялізныя страты для флёры і фаўны, і мы разумеем, што частку экасыстэм мы страцілі назаўсёды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Узроўні радыяцыі на месцы аварыі на Чарнобыльскай АЭС «нармальныя», — гендырэктар МАГАТЭ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачалі «народны маніторынг» мясьцінаў, заражаных радыяцыяй