Расейскі салдат на судовым працэсе ў Кіеве прызнаў віну ў забойстве мірнага жыхара

Вадзім Шышымарын у судзе. Кіеў, 13 траўня 2022 года

Суд у Кіеве пачаў разгляд справы расейскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына, які абвінавачваецца ў забойстве мірнага жыхара ў Сумскай вобласьці.

Як паведамляе ВВС, на сёньняшнім пасяджэньні суду Вадзім Шышымарын прызнаў сваю віну.

Расейцу далі бясплатнага адваката і перакладчыка. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: забойства і парушэньне законаў і звычаяў вайны. Ён ад пачатку расьсьледаваньня прызнаў сваю віну, раскаяўся і супрацоўнічаў са сьледзтвам.

Камандзір аддзяленьня чацьвёртай танкавай Кантэміраўскай дывізіі Маскоўскай вобласьці, ураджэнец Іркуцку Вадзім Шышымарын абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны, спалучанае з наўмысным забойствам.

21-гадовы расейскі вайсковец 28 лютага 2022 году расстраляў з аўтамата Калашнікава бяззбройнага жыхара паселішча Чупахаўка Сумскай вобласьці, які ішоў уздоўж дарогі і вёў ровар. 62-гадовы пацярпелы загінуў за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сваёй хаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне пачаўся першы судовы працэс над расейскім салдатам за забойства мірных жыхароў