Украінскія ўлады заявілі, што расейцы выкарысталі ў Марыюпалі фосфарныя бомбы. Што гэта за зброя

15 траўня віцэ-мэр Марыюпалю Пятро Андрушчанка заявіў, што расейскія войскі ўпершыню ўжылі супраць абаронцаў Марыюпалю «запальныя або фосфарныя бомбы». Расейскія абстрэлы камбінату Азоўсталь. Марыюпаль, 15 траўня 2022 г.

Генпракуратура Ўкраіны абвясьціла, што расьсьледуе паведамленьні пра выкарыстаньне расейскімі войскамі забароненых запальных снарадаў супраць вайскоўцаў на «Азоўсталі».

Расейскія вайскоўцы прымянілі супраць украінскіх абаронцаў заводу «Азоўсталь» фосфарныя бомбы. Пра гэта заявіла 16 траўня ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава.

«Расейскія акупанты ўжылі супраць украінскіх абаронцаў на „Азоўсталі“ фосфарныя бомбы. Самі рашысты паведамляюць, што былі ўжытыя запальныя снарады 9М22С з тэрмітнымі слаямі. Тэмпэратура гарэньня каля 2–2,5 тысячы градусаў па Цэльсіі. Гарэньне спыніць амаль немагчыма», — паведаміла амбудсмэнка.

Паводле яе, снарад 9М22С — асноўны для рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Град» на ўзбраеньні расейскай арміі, ён прызначаны «для стварэньня масавых пажараў».

«Фосфарныя бомбы і снарады зьяўляюцца запальнымі боепрыпасамі, якія ў адпаведнасьці зь міжнародным гуманітарным правам прызнаныя бесчалавечнай зброяй, і іх выкарыстаньне строга забаронена Пратаколам III да Канвэнцыі аб некаторых відах звычайнай зброі, якія могуць разглядацца як такія, што наносяць празьмерныя пашкоджаньні або маюць невыбіральнае дзеяньне», — сказала Дзянісава.

Яна зьвярнула ўвагу, што такія абстрэлы — ваеннае злачынства, і яны павінны быць улічаныя пры разглядзе справы аб генацыдзе ўкраінскага народу ў Міжнародным крымінальным судзе. Дзянісава заклікала Камісію ААН па расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека падчас ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «ўлічыць гэтыя факты злачынстваў і парушэньняў правоў чалавека ва Ўкраіне».

Цяпер немагчыма самастойна праверыць гэтую інфармацыю.

Напярэдадні віцэ-мэр Марыюпалю Пётр Андрушчанка паведаміў, што расейскія войскі ўпершыню ўжылі супраць абаронцаў Марыюпалю «запальныя або фосфарныя бомбы».

Пасьля Генпракуратура абвясьціла, што расьсьледуе паведамленьні аб выкарыстаньні расейскімі войскамі забароненых запальных снарадаў супраць вайскоўцаў на «Азоўсталі».

Завод «Азоўсталь» — апошні апорны пункт абароны ўкраінскіх войскаў у Марыюпалі, пасьля таго як большая частка тэрыторыі гораду перайшла пад кантроль расейскіх вайскоўцаў. Украіна дамагаецца эвакуацыі сваіх вайскоўцаў з заводу, прапаноўваючы, у прыватнасьці, адправіць іх у трэцюю краіну, дзе яны могуць заставацца да канца вайны. Турэччына, у прыватнасьці, прапанавала такую эвакуацыю. Расея настойвае на капітуляцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Вядуцца перамовы аб эвакуацыі цяжкапараненых у абмен на расейскіх палонных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пітная вада скончылася, выкарыстоўваем тэхнічную. Ямо раз на дзень, сёньня была аўсянка». Аповед абаронца «Азоўсталі» аб параненых і баях