На маскоўскім заводзе Renault пачнуць рабіць «Москвичи»

Аўтамабіль «Москвич», архіўнае фота

Францускі аўтамабільны канцэрн Renault прадаў сваю долю ў «АвтоВАЗе».

Расейскія актывы групы Renault пераходзяць у дзяржаўную ўласнасьць, паведаміла Deutsche Welle са спасылкай на Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі.

Адбылося падпісаньне пагадненьняў аб перадачы расейскіх актываў Renault на карысьць Расеі і ўраду Масквы. У выніку угод 100% акцый ЗАТ «Рено Россия» будзе валодаць урад Масквы, 67,69% акцый «АвтоВАЗа» пераходзяць ва ўласнасьць РФ у асобе Фэдэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «НАМИ».

Renault будзе мець апцыён на зваротны выкуп сваёй дзелі ў «АвтоВАЗе» цягам наступных 6 гадоў.

На маскоўскім заводзе Renault адновяць вытворчасьць легкавых аўтамабіляў пад гістарычным брэндам «Москвич», напісаў мэр Масквы Сяргей Сабянін у сваім блогу. Паводле яго, тэхналягічным партнэрам завода стане КамАЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Siemens заявіла, што пакідае Расею ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія танкі і ракеты застаюцца без «мазгоў». Амэрыканскі эканаміст пра санкцыі