Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Siemens заявіла, што пакідае Расею ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну

Від на штаб-кватэру кампаніі Siemens AG у раёне Сімэнсштадт у Бэрліне, Нямеччына, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота
Від на штаб-кватэру кампаніі Siemens AG у раёне Сімэнсштадт у Бэрліне, Нямеччына, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Нямецкая кампанія Siemens, якая працавала ў Расеі з 1852 году, заявіла аб падтрымцы Ўкраіны і, выконваючы ўведзеныя Захадам санкцыі, абвясьціла аб спыненьні ў Расеі сваёй вытворчай дзейнасьці.

Кампанія Siemens пачала працэдуру поўнага спыненьня сваёй вытворчай дзейнасьці ў Расеі.

«Мы асуджаем вайну ва Ўкраіне і вырашылі правесьці ўпарадкаваны працэс, каб згарнуць нашу прамысловую дзейнасьць у Расеі. Гэта было няпростым рашэньнем, улічваючы наш абавязак клапаціцца аб нашых супрацоўніках і даўнія адносіны з кліентамі на рынку, на якім мы працуем ужо амаль 170 гадоў», — заявіў кіраўнік кампаніі Ролянд Буш.

Выданьне Financial Times са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва кампаніі, паведамляе, што Siemens працягне выконваць у Расеі толькі «малы аб’ём сэрвісных работ». У кампаніі, па словах суразмоўцы FT, яшчэ ацэньваюць наступствы ўведзеных супраць Расеі санкцый ЭЗ і ЗША.

На Расею прыпадае каля 1% усіх продажаў канглямэрату, аднак Siemens прысутнічае тут з 1852 году. У XIX стагодзьдзі яна атрымлівала ў Расеі больш за 80% ад агульнага даходу, у асноўным за кошт пракладваньня і абслугоўваньня тэлефонных ліній. Брат заснавальніка кампаніі Вэрнэра фон Сімэнса Карл у 1859 годзе прыняў расейскае падданства і пасяліўся ў гэтай краіне, адзначае FT.

Падчас існавання СССР і халоднай вайны Siemens захоўваў толькі невялікую прысутнасьць, якая пачала пашырацца пасьля распаду Савецкага Саюзу. У 2011 годзе кампанія адкрыла штаб-кватэру ў Маскве. У галаўной кампаніі канцэрна ў Расеі ТАА «Сіменс» працуе каля 2,7 тысячы супрацоўнікаў, абарот у 2020 фінансавым годзе склаў €723 млн.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG