Высокапастаўлены прадстаўнік ЭЗ па правах чалавека заявіў, што Расея будзе прыцягнутая да адказнасьці за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне

Буча, 2 красавіка 2022 году

Расея будзе прыцягнутая да адказнасьці за ваенныя злачынствы і парушэньні міжнароднага права, учыненыя, як мяркуецца, яе войскамі ва Ўкраіне, паабяцаў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай Рады.

Заява зьявілася на фоне актывізацыі ўкраінскіх і міжнародных намаганьняў па зборы доказаў для будучых крымінальных расьсьледаваньняў.

Іман Гілмар

У інтэрвію Радыё Свабода ў сваёй штаб-кватэры ў Празе спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ па правах чалавека Іман Гілмар таксама выказаў меркаваньне, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа аднойчы паўстаць перад судом, падобна да таго, як гэта адбылося з прэзыдэнтам Сэрбіі Слабаданам Мілошавічам пасьля крывавага і жорсткага распаду Югаславіі.

«Мілошавіч ніколі ня думаў, што паўстане перад судом ці трыбуналам у Гаазе, калі рабіў ваенныя злачынствы», — сказаў Гілмар у інтэрвію, якое Радыё Свабода ўзяло ў яго 10 траўня.

«Адказныя за злачынствы людзі могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці незалежна ад таго, колькі часу гэта зойме», — сказаў ён.

Украінскія і міжнародныя сьледчыя сьпяшаюцца дапытаць сьведак, задакумэнтаваць меркаваныя злачынствы і сабраць доказы меркаваных злачынстваў Расеі для выкарыстаньня ў любых будучых крымінальных працэсах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За забойства мірных жыхароў на Сумшчыне першы расейскі вайсковец паўстане перад судом — пракуратура Ўкраіны

Пасьля вываду расейскіх войскаў з раёнаў на поўнач ад Кіева ў мінулым месяцы афіцыйныя асобы пачалі высьвятляць, ці былі без суду і сьледзтва забітыя ці пакараныя мірныя жыхары. Цяпер таксама расьце колькасьць доказаў, якія паказваюць на магчымыя згвалтаваньні і сэксуальны гвалт.

Праваабарончая арганізацыя Human Right Watch, сярод іншых груп, абвінаваціла расейскія войскі ў «мностве відавочных ваенных злачынстваў» у горадзе Буча на поўнач ад Кіева ў пачатку сакавіка.

«Падрыў лякарні — гэта ваеннае злачынства. Бамбёжка школы — ваеннае злачынства. Разбурэньне дзіцячага садка — ваеннае злачынства. Нацэльваньне на грамадзянскіх асоб — гэта ваенныя злачынствы, — сказаў Гілмар. — Ідуць расьсьледаваньні, у прыватнасьці расьсьледаваньне Міжнароднага крымінальнага суду. І павінна быць адказнасьць за тое, што адбываецца гэтымі днямі ва Ўкраіне, і за тое, што адбываецца з 24 лютага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўны рабін Украіны Машэ Рэўвэн Асман: «Расейскія сілы паводзяць сябе, як нацысты»

Гілмар сьцьвярджае, што час — не перашкода для завядзеньня крымінальных спраў, і кажа, што сучасныя тэхналёгіі, такія як спадарожнікавыя здымкі, спрасьцілі дакумэнтаваньне доказаў.

«Такім чынам, ідэя аб тым, што людзі, якія або непасрэдна ўчыняюць гэтыя злачынствы, або тыя, хто нясе адказнасьць за аддачу загадаў і палітычную адказнасьць за вайну, якая спараджае іх... усё гэта ў канчатковым выніку будзе расьсьледавана», — сказаў ён.

У рамках створанага ААН Міжнароднага крымінальнага трыбуналу па былой Югаславіі Мілошавіч стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, якога прыцягнулі да адказнасьці за ваенныя злачынствы — у ягоным выпадку ўчыненыя падчас войнаў у былой Югаславіі. Ён памёр у Гаазе ў 2006 годзе да вынясеньня выраку судом.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.