У Расеі за дзень аб адстаўцы абвясьцілі 5 губэрнатараў

Кіраўнік Рэспублікі Марый Эл Аляксандар Еўсьціфееў, які падаў у адстаўку

Свае пасады пакідаюць кіраўнікі Кіраўскай, Томскай, Разанскай, Саратаўскай абласьцей і Рэспублікі Марый Эл.

Кіраўнік Кіраўскай вобласьці Ігар Васільеў заявіў у сваім тэлеграм-канале, што вырашыў пакінуць пасаду «ў сувязі з набліжэньнем заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў».

Аналягічна сваё рашэньне пакінуць пасаду пракамэнтаваў і кіраўнік Марый Эл Аляксандар Еўсьціфееў.

Па расейскім законе максымальная працягласьць працы на пасадзе кіраўніка рэгіёну абмежаваная двума тэрмінамі. Так, кіраўнік Томскай вобласьці Сяргей Жвачкін у сваім паведамленьні пра рашэньне пакінуць пасаду губэрнатара рэгіёну, апублікаваным сайце адміністрацыі, указаў, што «прывык законы выконваць» і «ніколі не чапляўся за крэсла».

Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Валерый Радаеў таксама заявіў, што ідзе ў адстаўку. Ён займаў пасаду кіраўніка рэгіёну 10 гадоў. Паводле яго слоў, ён вырашыў «датэрмінова скласьці паўнамоцтвы» і не вылучацца на наступны тэрмін.

Таксама губэрнатар Разанскай вобласьці Мікалай Любімаў заявіў, што ня будзе вылучацца на пасаду кіраўніка рэгіёну на наступны тэрмін пасьля 5 год працы.