5 красавіка ўкраінскі журналіст Дзьмітры Камароў апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook і Instagram відэа з расстралянымі машынамі на ўзбочыне трасы, прыблізна за 40 кілямэтраў ад Кіева і за 20 кілямэтраў ад Бучы.
«Маладая пара, хлопец і дзяўчына. У лабавое шкло стралялі, забілі людзей. Падысьці не магу, хутка прыбудуць сапёры», — коратка пракамэнтаваў журналіст, стоячы побач са зьнішчаным белым мікрааўтобусам.
Пазьней сваякі пазналі мікрааўтобус і змаглі крок за крокам аднавіць акалічнасьці трагедыі. Два чалавекі, якіх Дзьмітры Камароў прыняў за маладую пару, аказаліся сынам і маці. Яны, а таксама бацька, чыё цела зьнікла і да гэтага часу ня знойдзена, былі забітыя 28 лютага. У машыне былі яшчэ два чалавекі — 5-гадовая Наста і яе бабуля. Іх гісторыю для «Настоящего времени» расказала Анастасія Мізэцкая, сваячка загінулых, якая жыве ў Злучаных Штатах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларускія лекары зрабілі ўсё магчымае і немагчымае». Параненая ў галаву ўкраінская дзяўчынка ўжо пакінула Беларусь«Яны ж ня будуць страляць па мірных». Як сям’я апынулася ў мікрааўтобусе пад Кіевам
«Васіліна Мошчанка — сястра маёй бабулі, — расказвае Анастасія Мізэцкая. — Менавіта яна выжыла і апынулася разам з унучкай Настай спачатку ў Беларусі, а цяпер у Нямеччыне. Зь ёй у машыне ехалі яе дачка Таня з мужам Алегам і 18-гадовым сынам Мікітам — яны ўтрох былі забітыя».
Анастасія расказала, што яе сваякі, якія трапілі пад абстрэл, былі шчасьлівай сямʼёй:
«Яны жылі ўсе разам, упяцёх. Мікіта быў чэмпіёнам Украіны па рэгбі. У гэтай сямʼі панавала любоў, паразуменьне. Калі я да іх прыходзіла, яны былі шчодрыя і гасьцінныя. Бабуля Васіліна Мікіту з нараджэньня гадавала. Цяпер для яе сьмерць Мікіты, мусіць, самая вялікая страта. Таня і Алег, вядома, таксама, але Мікіта... проста як сэрца вырвалі ў яе».
Мікіта Баброў
На пытаньне, чаму яе родныя не паехалі на захад, Анастасія адказвае:
«Думаю, не наважыліся, бо там пачалася паніка, кілямэтровыя коркі, і зь дзіцем 5-гадовым ехаць далёка цяжка ў такіх абставінах. Многія людзі думалі, што пад Кіевам у маленькіх сёлах будзе больш бясьпечна. 24 лютага яны паехалі ў вёску і пасяліліся ў прыватным доме. 27-га Таня напісала: «Трохі было горача», а потым: «У нас бамбілі вельмі моцна».
Сям’я сядзела ў хаце і бачыла, як міма праяжджае шмат калён з расейскай вайсковай тэхнікай. Ім было страшна, яны засталіся без вады, сувязі, сьвятла, і менавіта таму вырашылі вярнуцца ў Кіеў. Гэта было 28 лютага, якраз калі былі арганізаваныя самыя першыя перамовы. Яны ж ня будуць страляць па мірных людзях падчас перамоваў — такая была лёгіка.
Таня патэлефанавала сяброўцы, і тая ім праклала маршрут празь вёску Лубянку. Потым ужо высьветлілася, што гэта было жахлівае рашэньне.
У іх быў белы мікрааўтобус, не пасажырскі, Алег яго выкарыстоўваў для працы: развозіў прадукты для рэстаранаў. На ім і рушылі.
Тацяна Канчакоўская
Як загінулі Тацяна, Алег і Мікіта: расказ бабулі
Васіліна Мошчанка расказала сваячцы, што іх машыну расстралялі каля Клаўдзіевага лясьніцтва і вёскі Лубянкі. Яна прыгадала, што расейцы выскачылі зь лесу і расстралялі мікрааўтобус.
«Я крычала: „За што? За што?“. А адзін выйшаў і кажа: „Мы думалі, вы з аўтаматамі ехалі і будзеце страляць“. Гэта былі рускія, бо ён сказаў: „Вы, украінцы, езьдзіце ў сваіх машынах з аўтаматамі“. Накшталт як простыя, і нас расстрэльваеце», — кажа Васіліна.
Журналіст Камароў зьняў відэа мікрааўтобуса 5 красавіка, цела Алега там ужо не было. Яго да гэтага часу так і не знайшлі.
Алег Канчакоўскі, яго цела дагэтуль не знайшлі
Васіліна і Наста: у Нямеччыну празь лякарню ў Беларусі
Па словах Анастасіі, адзін расейскі салдат завёз параненую Насту і Васіліну на базу расейцаў пад Гастомелем.
Там прапанавалі адзіны маршрут — выехаць разам з расейскімі параненымі ў шпіталь у Беларусь. На наступны дзень іх пераправілі ў Беларусь верталётам. Там іх накіравалі ў Мазыр, зрабілі кампутарную тамаграфію і зразумелі, што ў Насты куля ў галаве. Сказалі, такога пляну апэрацыю маленькім дзецям робяць там толькі ў Менску. Арганізавалі рэанімабіль і накіравалі ў Менск, у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нэўрахірургіі. У Беларусі Васілінай і Настай ужо апекавалася ўкраінская амбасада і беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Параненую ў галаву ўкраінскую дзяўчынку праапэравалі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску. Што пра яе вядома«Увогуле я хачу сказаць, што беларусы — найлепшыя і самыя бескарысьлівыя, проста неверагодныя нейкія людзі. У Васіліны не было адзеньня, не было грошай асабліва, і для Настачкі нічога не было. Мэдсёстры, лекары скінуліся грашыма, рэчамі. Апэрацыя была вельмі складаная, Насьце раскрылі чарапную каробку, у яе шнар застаўся зыгзагамі, дасталі кулю. Нэўрахірург дзіцячы вышэйшага клясу правёў апэрацыю. Казаў, што гэта было ўпершыню ў ягонай практыцы, калі ён даставаў кулю з галавы дзіцяці. У іх тамака ўсе з чорнымі тварамі хадзілі, увесь пэрсанал быў у шоку. Пасьпяховы вынік быў невідавочны, лекары чакалі разьвіцьця мэнінгіту», — кажа Анастасія.
Цяпер Наста і Васіліна ў Нямеччыне. Па словах сваячкі, у Насты нармальны стан, з мозгам, відаць, усё добра. Яна вельмі актыўная. Але яшчэ ня ведае, што бацькоў і брата няма ў жывых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.