Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»

Бэн Уолес

Бэн Уолес падкрэсьліў, што прэзыдэнта і камандаваньне Расеі чакае той жа лёс, што і пераможаных нацыстаў на Нюрнбэрскім трыбунале.

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес лічыць, што і расейскае камандаваньне, і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, што можна параўнаць зь дзеяньнямі нацысцкага рэжыму падчас Другой сусьветнай вайны. Чыноўнік заявіў пра гэта, выступаючы ў Нацыянальным музэі войска ў Лёндане. Уолеса цытуе Sky News.

«Уварваўшыся ва Ўкраіну, Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм, тыранію, якой больш за 70 гадоў, паўтараючы памылкі таталітарных рэжымаў мінулага стагодзьдзя. Іх лёс урэшце будзе такі самы».

Паводле Ўолеса, Пуцін «скраў» гісторыю барацьбы расейскага народу з нацызмам у сваіх палітычных мэтах.

«Яны ня толькі ўдзельнічаюць у незаконным уварваньні і ваенных злачынствах, але і іх вярхоўнае начальства пацярпела няўдачу ў сваіх шэрагах у такой ступені, што яны павінны быць прыцягнутыя да ваеннага суду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі

Многія заходнія лідэры ў сваіх выступах пра перамогу над нацызмам сёлета згадваюць вайну ва Ўкраіне, праводзячы прамыя і ўскосныя паралелі паміж дзеяньнямі гітлераўскай Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне і сёньняшняй Расеі.

9 траўня, як чакаецца, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн мае падпісаць законапраект аб лэнд-лізе для Ўкраіны, паведамляе Белы дом. Зброя і іншыя тавары будуць пастаўляцца Злучанымі Штатамі па лэнд-лізе ўпершыню з часоў Другой сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы ведаем, што Ўкраіна пераможа». Барыс Джонсан выступіў перад Вярхоўнай Радай