Прадстаўнікі батальёна Каліноўскага: як мінімум 5 беларусаў абараняюць «Азоўсталь» у Марыюпалі

Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі

На цяперашні момант ня менш за 5 беларусаў абараняюць аточаны расейскімі вайскоўцамі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі, паведамілі ў прамым эфіры «Белсату» прадстаўнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага.

Прадстаўнікі беларускага батальёну паведамілі, што апошні раз сувязь з байцамі, якія знаходзяцца ў Марыюпалі, была 4 дні таму. Паводле іх, настрой у іх бадзёры і яны шмат жартуюць: «Кажуць, што яны ў аблозе і можна весьці агонь у любым кірунку».

«Яны ўдала ваююць і ня толькі трымаюць абарону, але яшчэ і робяць вылазкі насустрач ворагу. Гэта ня проста пазыцыйная вайна, але адбываецца тактычная вайна, каб на вуліцах гораду нават зьнішчаць ворагаў», — паведаміў прадстаўнік батальёну Ян Мельнікаў.

Вайскоўцы адзначаюць, што сытуацыя ў Марыюпалі застаецца цяжкай. У абаронцаў «Азоўсталі» скачваецца ўзбраеньне, ежа і пітная вада. Але баявы дух у іх на ўзроўні. Вайскоўцы паведамляюць, што амаль 80% абаронцаў «Азоўсталі» параненыя, мала сьпяць і пры гэтым удала вядуць абарону і нават робяць контрнаступы.

«Тое, што афіцыйна расказваюць — зараз на заводзе больш за 500 параненых і сярод іх большасьць з раненьнямі вядуць абарону „Азоўсталі“. Нават калі сканчаліся мэдыкамэнты для цывільных, то вайскоўцы аддавалі ім свае. Тое самае можна сказаць і пра складанае становішча з вадой і ежай. Праблема вялікая і рэсурс амаль вычарпаны. Лічаныя дні засталіся», — дадаў Ян Мельнікаў.

Расейскія войскі працягваюць штурмаваць пляцоўку заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі. У той жа час працягваецца эвакуацыя з «Азоўсталі» і Марыюпалю цывільных грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая эвакуацыя з «Азоўсталі», актыўныя баі на Данбасе і абстрэлы Харкава. 72-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пакуль улады Ўкраіны рыхтуюць новую эвакуацыю з «Азоўсталі», расейскія войскі пачалі новы штурм

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З авіяцыяй, артылерыяй і пяхотай ідзе штурм «Азоўсталі», — полк «Азоў»