«Крыху „падарваў“ нас Адэскі порт». Беларускі міністар сельскай гаспадаркі расказаў, як зьмянілася лягістыка паставак у замежжа

Ілюстрацыйнае фота

Міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Ігар Брыло заявіў пра амбіцыйныя пляны беларускіх аграрыяў на найбліжэйшы час.

«Пляны амбіцыйныя. Геаграфія паставак беларускай прадукцыі штогод павялічваецца, у тым ліку і хлеба, і кандытарскіх вырабаў. Летась прыкладна 44 краіны, дзе на прылаўках крамаў была прадукцыя», — сказаў Ігар Брыло ў эфіры тэлеканалу «Мир».

Міністар сельскай гаспадаркі Беларусі ўдакладніў, што сёлета прагназуюць сабраць каля 9 мільёнаў тон збожжа і кукурузы.

«Гэта той аб’ём збожжа, які дазволіць нам забясьпечыць краіну хлебам і накарміць жывёлагадоўлю нашу», — паведаміў ён.

Паводле яго, летась пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі склалі больш за 50 мільёнаў даляраў, што на 20 % больш узроўню 2020 году.

«І сёлета пачалі прыкладна з такім жа ростам на ўзроўні 20%», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўчанка: Санкцыі нам на руку, асобныя прадпрыемствы спрацавалі лепш, чым да іх увядзеньня

Міністар патлумачыў, што найперш вядзецца аб продажы ў замежныя краіны замарожанага хлеба і іншых паўфабрыкатаў. Паводле яго, сярод спажыўцоў беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку малочнай і мясной прадукцыі, 116 краін сьвету.

«Што тычыцца лягістыкі... Ну крыху „падарвала“ нас Адэса, Адэскі порт... Але тым ня менш хачу сказаць, мы тыдні за 3-4 перафарматавалі. І, як часта здараецца, нібыта складаная сытуацыя, але потым знаходзіцца зь яе выйсьце, якое істотна больш спрыяльнае, чым было. У нас цяпер розныя кірункі. Наша прадукцыя ідзе праз Новарасійск, часткова праз Санкт-Пецярбург, але асноўныя пастаўкі на трэція краіны і найбольш — у Кітай праз Уладзівасток. Ідзе тыдзень па чыгунцы, потым перагрузка ў порце, і праз 5-6 дзён прадукцыя ўжо ў Кітаі», — удакладніў Ігар Брыло.

Паводле яго, «гэта найбольш кароткі шлях», і цяпер праблем зь лягістыкай няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Варта чакаць падзеньня сёлета беларускай эканомікі прыблізна на 10%, — экспэртка Барнукова