Якія юрыдычныя і фізычныя асобы Беларусі трапяць у шосты пакет санкцый. Інсайд ад карэспандэнта Свабоды ў Брусэлі
Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк даведаўся, якія дадаткі да санкцый супраць Беларусі прапануецца прыняць у рамках шостага пакету санкцый.
Прапанаваны праект рашэньня Эўрапейскай Рады, гаворыцца ў дакумэнце, «пашырае сьпіс арганізацый, на якія распаўсюджваюцца абмежаваньні адносна дазволаў на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт тавараў і тэхналёгій двайнога прызначэньня, а таксама тавараў і тэхналёгій, якія могуць садзейнічаць вайсковаму і ваеннаму патэнцыялу Беларусі».
Рада ЭЗ таксама «пашырае сьпіс беларускіх крэдытных арганізацый і іх беларускіх даччыных кампаній, у адносінах да якіх прымяняюцца абмежавальныя меры адносна прадстаўленьня спэцыялізаваных паслуг па абмене фінансавымі паведамленьнямі».
Некаторыя са згаданых арганізацый фігуравалі ў ранейшых пакетах санкцый. У праекце гаворыцца, што санкцыі адносна іх удакладненыя. У сьпісе ніжэй яны пазначаныя больш тлустым шрыфтам.
Паводле праекту пастановы, гэта:
Міністэрства абароны Беларусі;
АТ «140-ы рамонтны завод»;
АТ «558-ы Авіярамонтны завод»;
2566 АТ «Завод рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня»;
«Агат — Сыстэмы кіраваньня» — кіроўная кампанія АТ «Холдынг геаінфармацыйных сыстэм кіраваньня»;
Электрамэханічны завод «Агат»;
ААТ «Агат-Сыстэм»;
ТАА «АТЭ — Інжынірынг»;
«БелОМА Холдынг»;
ГВТУП «Белспэцзьнештэхніка»;
ЗАТ «Белтэхэкспарт»;
БСВТ «Новыя тэхналёгіі»;
Упраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму;
Унутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусь;
Група КДБ «Альфа»;
ААТ «Кідма Тэх»;
«Мінатор-Сэрвіс»;
Менскі завод колавых цягачоў;
ТАА «Абаронныя ініцыятывы»;
ААТ КБ «Радар», кіроўная кампанія;
ААТ «Пэленг»;
Дзяржаўнае ўпраўленьне вайсковай прамысловасьці Рэспублікі Беларусь;
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь;
АТ «Авіякампанія Трансавіяэкспарт»;
ААТ «Валатаўта».
Сярод фінансавых установаў Рэспублікі Беларусь ў праекце шостага пакету санкцый названыя:
Белаграпрамбанк
Банк Дабрабыт
Банк развіцця Рэспублікі Беларусь
Белінвестбанк (Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі)".
Тры першыя банкі фігуравалі ў ранейшых пакетах санкцый ЭЗ.
Прапановы былі разасланыя краінам-сябрам позна ўвечары 3 траўня і прадстаўленыя сёньня, 4 траўня кіраўніком Эўракамісіі Ўрзуляй фон дэр Ляен у Эўрапарлямэнце.
Нафтавае эмбарга зьяўляецца ключавым кампанэнтам шостага пакету санкцый супраць Расеі і Беларусі. Для прыняцьця неабходна аднагалоснае рашэньне 27 краін ЭЗ.