Украінскі Генштаб ня бачыць прыкметаў фармаваньня наступальных груповак на тэрыторыі Беларусі

Міністэрства абароны Ўкраіны

У Кіеве не заўважылі прыкмет таго, каб з тэрыторыі Беларусі рыхтаваўся новы наступ на Ўкраіну.

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных Сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня супернікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

«Паводле наяўнай інфармацыі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да гэтага часу разгорнуты расейскія апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, а асобныя авіяцыйныя падразьдзяленьні Паветрана-касьмічных сіл РФ працягваюць базавацца на пэўных аэрадромах», — адзначылі ва ўкраінскім вайсковым камандаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новы штурм «Азоўсталі» ў Марыюпалі, выбухі ў Белгародзкай вобласьці. 69-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Раней Генштаб ВСУ паведамляў, што ў раёне Грабаўкі, Глыбоцкага і Калініна ў Гомельскай вобласьці «праведзена інжынэрнае абсталяваньне пазыцый». У вайсковай справе пад гэтым тэрмінам разумеюць акопы, хованкі, хады, а таксама ўстаноўку інжынэрных загародаў.

Дарадца кіраўніка Офісу ўкраінскага прэзыдэнта Аляксей Арастовіч у інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Медуза», апублікаваным 24 красавіка, заявіў, што Беларусь «спрабавалі ўцягнуць» у вайну РФ супраць Украіны «вельмі актыўна», але Аляксандар Лукашэнка «пятляе як можа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны: За беларускую тэрыторыю можна больш не хвалявацца, цяпер яе практычна не выкарыстоўваюць у вайне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Прашу вас, спыніцеся!» Жыхар Мазыра сьцьвярджае, што ён не ваенны злачынец