Дзярждэпартамэнт ЗША пра антысэміцкія заявы Лаўрова: «Самая нізкая форма расізму і хлусьні»
Сьпікер Дзярждэпа ЗША Нэд Прайс
На думку сьпікера Дзярждэпа ЗША Нэда Прайса, заява міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова і паводзіны прадстаўнікоў расейскіх уладаў «даказваюць, што няма ніякага дна, калі справа даходзіць да таго, як нізка яны могуць апусьціцца».
Аб гэтым Нэд Прайс сказаў на брыфінгу ў Вашынгтоне.
«Заява міністра замежных спраў Лаўрова сапраўды зьяўляецца праявай самай нізкай формы расізму, самай нізкай формы прапаганды, самай нізкай формы падступнай хлусьні», — заявіў Прайс.
Ён выказаў падтрымку міністру замежных спраў Ізраіля, які назваў выказваньні Лаўрова недаравальнымі. На думку сьпікера Дзярждэпартамэнта, заява расейскага міністра і паводзіны прадстаўнікоў расейскіх уладаў «даказваюць, што няма ніякага дна, калі справа даходзіць да таго, як нізка яны могуць апусьціцца».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў ў нядзелю 1 траўня ў інтэрвію італьянскай тэлекампаніі Mediaset параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага зь фюрэрам нацысцкай Нямеччыны Адольфам Гітлерам, выказаўшы здагадку, што ў Гітлера, пад кіраўніцтвам якога было зьнішчана 6 мільёнаў габрэяў, нібыта была «габрэйская кроў».
У Ізраілі абурыліся гэтай заявай.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт у панядзелак назваў словы Лаўрова «хлусьнёй», якая заклікана ўскласьці адказнасьць за зьнішчэньне габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны на іх саміх. Бэнэт таксама заклікаў неадкладна спыніць выкарыстаньне адсылкі да Галакосту ў палітычных мэтах.
Кіраўнік МЗС Ізраілю Яір Лапід сказаў, што словы Лаўрова «ня толькі недаравальныя і абуральныя — яны таксама зьяўляюцца жахлівай гістарычнай памылкай. Габрэі не забівалі сябе падчас Галакосту». Паводле Лапіда, абвінавачаньні саміх габрэяў у антысэмітызьме — гэта «самы гнюсны ўзровень расізму».
Старшыня праўленьня мэмарыяльнага комплексу «Яд вашэм» Дані Даян назваў словы Лаўрова «неабгрунтаванымі, бязглуздымі, небясьпечнымі і годнымі ўсялякага асуджэньня». Іх асудзілі і іншыя ізраільскія палітыкі.
Пазьней паведамлялася, што расейскі амбасадар быў выкліканы ў МЗС Ізраілю.