У сувязі з санкцымі БМЗ страціў рынак ЭЗ, «Белмэдпрэпараты» пераходзяць на 4-дзённы працоўны тыдзень

Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне

Уведзеныя за вайну ва Ўкраіне санкцыі супраць беларускага рэжыму адбіваюцца на эканоміцы.

«Нашай ніве» стала вядома, што «Белмэдпрэпараты» пераходзяць на чатырохдзённы працоўны тыдзень з 14 чэрвеня як мінімум да канца ліпеня. Такі загад выдаў «Белфармпрам».

Распараджэньне датычыць амаль усіх аддзелаў прадпрыемства: закупак, продажаў і маркетынгу, бухгальтэрыі, кадраў, фармаканагляду, санітарна-прамысловай лябараторыі, вядучых інжынэраў і гэтак далей. Выключэньне — генэральны дырэктар.

Дадатковым выходным становіцца пятніца, аплата работы — «прапарцыйна фактычна адпрацаванаму часу». Прычыны рашэньня ў распараджэньні тлумачацца фармулёўкай: «У мэтах аптымізацыі выдаткаў».

Раней паведамлялася, што «Белмэдпрэпараты» сутыкнуліся зь цяжкасьцямі ў вытворчасьці мэдыкамэнтаў: з прычыны санкцый адгрузка некаторых прэпаратаў не плянуецца ў наступныя месяцы ці наагул у 2022 годзе.

У сваю чаргу аб тым, што ўведзеныя ў дачыненьні да Беларусі санкцыі паўплывалі і на працу Беларускага мэталюргічнага заводу, заявіў у эфіры СТВ гендырэктар прадпрыемства Дзьмітры Корчык.

Ён прызнаў, што страціў у выніку санкцый высокамаржынальны рынак Эўропы.

«Мы актывізавалі ўсю нашу працу на замежных рынках у частцы менавіта дывэрсыфікацыі нашага экспарту. Чаму? Таму што рынак Эўразьвязу быў адным з асноўных нашых рынкаў, на якім прадавалася высокамаржынальная прадукцыя. Гэта мэталакорд, труба. Уся каманда БМЗ, якая менавіта займаецца адказна гэтым напрамкам, у працы, у разьездах, гэта значыць вядуць перамовы, заключаем кантракты, аптымізуем нашы лягістычныя ўсе шляхі і гэтак далей. Працуем з адпаведнымі міністэрствамі. Задача такая — мінімізаваць усе страты, якія могуць быць, і забясьпечыць рытмічную працу прадпрыемства», — сказаў Корчык.

Міністарка працы Ірына Касьцевіч прызнала ў эфіры «Беларусь-1» рост няпоўнай занятасьці і прастояў пасьля ўвядзеньня санкцый.

«Сёньня новыя выклікі. Прычым гэтыя выклікі і пагрозы, якія ідуць па вонкавым контуры, прырастаюць, і мы гэта бачым. Рынак на гэта адрэагаваў. Апошнія два месяцы, сакавік-красавік, мы бачым рост вымушанай няпоўнай занятасьці, рост прастояў, калектывы перастройваюць сваю працу».

У якасьці вырашэньня праблемы кіраўніца Мінпрацы прапанавала выкарыстаць часовы перавод да іншага наймальніка, дзе сёньня ёсьць замовы, і часовую занятасьць — сэзонна-палявыя работы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Рост склаў 61%». Міністэрства здароўя Беларусі абурылася цэнамі на пэўныя лекі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскія яблыкі могуць вярнуцца. Урад скараціў сьпіс тавараў, якія нельга ўвозіць у Беларусь