Нарвэскія ўладальнікі плятформы «Куфар» пакінулі Беларусь

Adevinta, Kufar

Аднак бізнэс ня згортваецца. Пляцоўку для продажаў перадалі беларускай камандзе.

Міжнародная кампанія Adevinta, якая спэцыялізуецца на онлайн-аб’явах, абвясьціла пра свой сыход зь беларускага рынку. Сваю пляцоўку для разьмяшчэньня аб’яў у Беларусі «Куфар» кампанія перадала мясцовай камандзе, паведаміў reform.by.

Яшчэ ў лістападзе 2021 году кампанія абвясьціла аб неабходнасьці перагляду сваёй дзейнасьці ў Беларусі. Затым напад Расеі на Ўкраіну паскорыў гэты працэс.

Adevinta засяродзіцца на сваіх пяці асноўных эўрапейскіх рынках (Нямеччына, Францыя, Гішпанія, краіны Бэнілюксу і Італія).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суўладальнік A1 Telekom Austria Group хацеў прадаць бізнэс у Беларусі

Кампанія «Куфар», заснаваная ў 2012 годзе, — адзін зь вядучых сэрвісаў у галіне аб’яў і электроннай камэрцыі ў Беларусі, прапаноўвае кліентам як новыя, так і ўжываныя тавары ў дадатак да паслуг онлайн-крэдытаваньня. З моманту свайго стварэньня бізнэс хутка заваяваў папулярнасьць, у цяперашні час ён зьяўляецца адным з самых вядомых сайтаў аб’яў у краіне.

У рэйтынгу Alexa праект займае 7-е месца сярод усіх сайтаў, папулярных сярод беларусаў. «Куфар» першапачаткова быў часткай партфоліё Schibsted, а затым перайшоў у Adevinta у 2019 годзе. Сёньня ў беларускай кампаніі працуе 141 чалавек.

Тацяна Лемешава ўзначаліла «Куфар» у лютым 2022 году, да новага прызначэньня яна кіравала ў кампаніі камандай прадукту. Раней кампаніяй чатыры гады кіраваў Арцём Рабцэвіч.

«Рашэньне Adevinta сысьці зь Беларусі ня стала для нас сюрпрызам, але мы радыя, што сярод варыянтаў сыходу кампанія абрала MBO — продаж праекту мясцовай камандзе. Гэта дазволіць захаваць супрацоўнікаў, карпаратыўную культуру і ўсе веды, што мы назапасілі ў кампаніі. Наш фармат працы з кліентамі і абавязкі перад супрацоўнікамі ня зьменяцца. „Куфар“ працягне працаваць і разьвіваць свае сэрвісы ў нерухомасьці, аўтамабілях і спажывецкіх таварах», — сказала дырэктарка кампаніі Тацяна Лемешава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад «палітыка ня наша справа» да «пакінем абедзьве краіны». Як ІТ-кампаніі сыходзяць зь Беларусі