Палата прадстаўнікоў ЗША ухваліла закон аб канфіскацыі расейскай уласнасьці, што трапіла пад санкцыі
Сцягі Ўкраіны і ЗША на фоне Кангрэсу ЗША, Вашынгтон, 5 сакавіка 2022
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ўхваліла законапраект, які прадугледжвае канфіскацыю ўрадам ЗША пэўнай расейскай уласнасьці з той, што трапіла пад санкцыі, з мэтай яе продажу і аказаньня дадатковай дапамогі Ўкраіне.
Дакумэнт, аўтарамі якога выступілі члены Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Том Маліноўскі і рэспубліканец Джо Уілсан, падтрымалі 417 кангрэсмэнаў, 8 выказаліся супраць.
Згодна з названай ініцыятывай, прэзыдэнту ЗША варта «прыняць усе прадугледжаныя Канстытуцыяй крокі для арышту і канфіскацыі ў юрысдыкцыі Злучаных Штатаў актываў іншаземцаў, чые сродкі атрыманы часткова шляхам карупцыі».
Акрамя таго, размова ідзе аб актывах, атрыманых уладальнікамі дзякуючы аказаньню падтрымкі кіраўнікам РФ.
У дакумэнце ўдакладняецца, што гэтыя меры павінны быць прыняты ў дачыненьні да актываў коштам ад $2 млн, у тым ліку ўласнасьці расейскіх энэргетычных кампаній.
Актывы павінны быць прададзеныя, а атрыманыя сродкі мяркуецца накіраваць на аднаўленьне Ўкраіны, на ваенную і гуманітарную дапамогу ёй, а таксама на садзейнічаньне ўкраінцам у перасяленьні ў іншыя краіны.
Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасьць выкарыстаньня названых сродкаў на «садзейнічаньне ў разьвіцьці расейскаму народу, у тым ліку ў сфэры дэмакратыі, праграм у сфэры правоў чалавека і іх маніторынгу».
Згодна з дакумэнтам, у ЗША варта стварыць міжведамасную групу на чале зь дзяржсакратаром, якая б «вызначыла канстытуцыйныя мэханізмы», якія дазваляюць ажыцьцявіць гэты законапраект.