Свабода прааналізавала, як зьмяніліся пазыцыі расейскай і ўкраінскай арміі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і ПрыднястроўеІнфармацыі пра баявыя дзеяньні ўсё менш
У сваіх зводках абодва бакі з кожным днём усё больш абмяжоўваюць інфармацыю пра баявыя дзеяньні, асабліва ў прывязцы да геаграфіі і назваў населеных пунктаў.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны інфармуе пераважна аб кірунках, дзе адбываюцца баявыя дзеяньні — данецкі, луганскі і слабажанскі (Харкаў і ягоныя ваколіцы). Па ўсіх іх Расея не спыняе наступу.
Па тым, што пазыцыі бакоў амаль не зьмяніліся і ніводзін зь іх асабліва не прасунуўся ні назад, ні наперад, можна меркаваць аб жорсткасьці баявых дзеяньняў і колькасьці стратаў. Паводле вайсковых законаў, звычайна той бок, які наступае, больш і страчвае.
Як сьведчаць асобныя паведамленьні мясцовых уладаў на ўсходзе Ўкраіны, расейская армія задзейнічала ўсе магчымыя віды зброі — авіяцыю, артылерыю, зэнітныя сыстэмы. У некаторых раёнах баі перайшлі нават на стралковую зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выбухі ў Белгарадзкай вобласьці і Прыднястроўі, пашкоджаны мост цераз Днястроўскі ліман. 62-і дзень вайны Расеі супраць УкраіныНа Луганшчыне адбілі шэсьць атак расейцаў
Улады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што за мінулыя суткі ўкраінскае войска адбіла шэсьць атак расейцаў. Апошнія чатыры дні баі канцэнтруюцца ў Рубежным і Папаснай. Безь перапынку пад абстрэлам расейцаў знаходзяцца Лісічанск, Севераданецк і Горская грамада.
Праз абстрэлы ў Луганскай вобласьці без электрычнасьці застаюцца 36 населеных пунктаў, а бяз газу — 46 паселішчаў. У Папаснай не засталося ніводнага ўцалелага жылога будынку. У Лісічанску расейцы трэці раз абстралялі нафтаперапрацоўчы завод.
Улады спрабуюць эвакуаваць усіх мясцовых жыхароў.
Міністэрства абароны Расеі пераконвае, што ў Луганскай вобласьці расейскія войскі дастаўляюць і раздаюць гуманітарную дапамогу. Але пры гэтым не называюць ніводнага населенага пункту. Як вядома, частка Луганскай вобласьці знаходзіцца пад кантролем так званай «ЛНР» з 2014 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Брытанскі экспэрт адказаў, ці спыніць зброя Захаду наступ Расеі на ДанбасДанеччына. Асноўныя ўдары — па Марыюпалі
Нягледзячы на загад расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна не штурмаваць прамысловую пляцоўку заводу «Азоўсталь», дзе ў бомбасховішчах застаюцца цывільныя, расейскія войскі не спыняюць абстрэлы як зь цяжкага ўзбраеньня на зямлі, так і з паветра вайсковай авіяцыяй.
Галоўны кірунак, які цяпер спрабуюць прарваць і захапіць расейцы, — горад Ліман і населеныя пункты Ліманскай грамады. У выпадку пасьпяховага наступу расейцы змогуць выйсьці зь яшчэ аднаго боку на Ізюм Харкаўскай вобласьці, дзе цяпер таксама адбываюцца баі, а адтуль праз Днепрапятроўскую і Запароскую вобласьць — у Прыазоўе.
Украінскія ўлады намагаюцца эвакуаваць адтуль мірных жыхароў, а вайскоўцы пакуль стрымліваюць наступ.
Ад пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў Данецкай вобласьці загінулі 270 цывільных. Колькасьць ахвяр сярод мірных жыхароў Марыюпалю і Валнавахі дагэтуль невядомая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
З Ізюму немагчыма выехаць, мужчын мабілізуюць у расейскія фармаваньні, — мясцовы дэпутатХаркаў і Харкаўская вобласьць
На слабажанскім кірунку Расея ўзмацніла сваю вайсковую групоўку. Расейцы ўсё яшчэ часткова блякуюць Харкаў і прыцэльна абстрэльваюць пазыцыі ўкраінскіх войскаў і аб’екты крытычнай інфраструктуры.
Адначасова расейцы спрабуюць прарвацца адразу праз два населеныя пункты вобласьці — Ізюм і Заводы. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што ў раёне Балаклеі вайскоўцы зьбілі расейскі зьнішчальнік-бамбавік Су-34.
Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ў Харкаўскай вобласьці ў раёне населеных пунктаў Новая Дзьмітраўка і Курулька «высокадакладнымі ракетамі» пацэлілі ў два раёны канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў, зброі, а таксама ў два склады з боепрыпасамі. Новая Дзьмітраўка і Курулька знаходзяцца за 30 и 40 км ад Ізюма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Херсоне партызаны абяцаюць закладваць міны ў выбарчыя ўчасткі, калі акупанты паспрабуюць арганізаваць псэўдарэфэрэндумПоўдзень. Запароская і Херсонская вобласьці
Раніцай 26 красавіка расейцы выпусьцілі як мінімум тры ракеты па Запарожжу. Дзьве зь іх праляцелі надзвычайна блізка ад Запароскай АЭС, а трэцяя разарвалася ў паветры. Пакуль улады не паведамляюць аб наступствах гэтага абстрэлу.
Вядома, што на другі дзень вайны Расея акупавала шэсьць населеных пунктаў Запароскай вобласьці, у тым ліку Бярдзянск і Мелітопаль. Расея спрабуе наступаць у раёне Трудалюбаўка (на мяжы зь Днепрапятроўскай вобласьцю) і ў Палогавым раёне, каб яшчэ і з гэтага боку атачыць украінскія войскі.
Херсон і большую частку Херсонскай вобласьці расейская армія акупавала ў пачатку сакавіка. Улічваючы акупаваную плошчу, расейцы цяпер спрабуюць арганізаваць псэўдарэфэрэндум аб стварэньні чарговай «народнай рэспублікі» па аналёгіі так званых «ЛНР» і «ДНР».
Пра якія посьпехі паведамляе Расея
Міністэрства абароны Расеі ўсё часьцей дае асобныя паведамленьні аб посьпехах на ўкраінскім фронце. Але ў іх пераважна ўвогуле адсутнічае геаграфічная прывязка.
Раніцай 26 красавіка ў Маскве паведамілі пра тое, што ўзялі пад кантроль «базу захоўваньня і рамонту тэхнікі Ўзброеных сіл Украіны», на якой знаходзілася калі 100 адзінак тэхнікі, у тым ліку комплексы супрацьпаветранай абароны.
У паведамленьні пералічваецца вялікая колькасьць трафэяў, але па апублікаваным відэазапісе ўвогуле складана зразумець, у якой краіне і калі ён зроблены.
Пры гэтым тэхніка, прадэманстраваная на відэазапісе Міністэрства абароны, вельмі падобная на радыёлякацыйны комплекс выведкі і кантролю стральбы «Зоопарк-1», які знаходзіцца на ўзбраеньні Расеі, або на станцыю наземнай артылерыйскай выведкі «Леопард».
У 2016 годзе замежныя журналісты, а таксама журналісты-расьсьледнікі міжнароднай групы Іnformnapalm шмат пісалі пра гэтыя станцыі, якія знайшлі ў Данецку на ўзбраеньні так званай «ДНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Ровенскай вобласьці не выключаюць новых ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі