Расейская ракета забіла ў Адэсе амаль усю сям’ю разам з 3-месячным дзіцём

Наступствы расейскіх абстрэлаў Адэсы, красавік 2022

Расейскія абстрэлы жылых кварталаў працягваюць забіваць украінскіх дзяцей. Гінуць і іхныя бацькі, сваякі.

23 красавіка ў Адэсе загінула трохмесячная дзяўчынка Кіра, ейная маці Валерыя і бабуля дзіцяці. Гэта пацьвердзіў бацька дзіцяці Юры Глодан. Ён, як пішуць інтэрнэт-карыстальнікі, выйшаў у краму, калі расейская ракета пацэліла ў кватэру, дзе жыла ягоная сям’я.

«Родненькія мае, Валадарства нябеснае! Вы ў нашых сэрцах», — напісаў Юры ў Facebook.

Зяленскі назваў забойцаў немаўляці «падонкамі». У сацыяльных сетках сямʼі больш за 10 тысяч камэнтароў са спачуваньнямі.

Раніцай у Ачарэцінскай грамадзе Данецкай вобласьці ў выніку абстрэлаў акупантаў загінулі дзьве дзяўчыны. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

«Сёньня ў велікодную раніцу расейскія акупанты забралі жыцьці двух дзяцей з Ачарэцінскай грамады. Дом па вуліцы Міру, дзе жыла іх сям’я, быў зьнішчаны, загінулі дзяўчынкі 14 і 5 гадоў», — напісаў ён.

З пачатку вайны ва Ўкраіне па стане на 23 красавіка загінулі сама меней 208 дзяцей, 387 параненыя. Уцекачоў ад вайны ва Ўкраіне ўжо больш за 5 млн чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выніку ракетнага ўдару па Адэсе загінулі 6 чалавек, 18 параненыя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: «Як толькі ў нас будзе зброя — мы пойдзем наперад». Прэсавая канфэрэнцыя ў мэтро