Ва ўкраінскай выведцы патлумачылі, ці ёсьць для Ўкраіны небясьпека з боку Беларусі

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі

На сёньняшні дзень каля сямі батальённых тактычных груп Беларусі знаходзяцца каля меж з Украінай і Польшчай, сказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі ў эфіры нацыянальнага ўкраінскага тэлемаратону.

«Пасьля таго як расейскія тактычныя баявыя групы былі выведзеныя, актывізаваліся дзеяньні апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Беларусі. На сёньняшні дзень каля сямі батальённых тактычных груп знаходзяцца каля меж. Размова ідзе аб мяжы з Украінай і мяжы з Польшчай. Яны актыўна праводзяць мерапрыемствы па баявой падрыхтоўцы на палігонах, прыцягваючы авіяцыю, супрацьпаветраную абарону», — сказаў Вадзім Скібіцкі.

Аднак, паводле яго слоў, гэта адзін з фактараў падтрымкі дысцыпліны ва ўзброеных сілах Беларусі, паколькі беларускія вайскоўцы «масава пачынаюць пісаць рапарты на звальненьне і ніхто не хоча ваяваць супраць Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Стаўленьне татальна адмоўнае». Сацыёляг тлумачыць, што беларусы думаюць пра вайну

Нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, што беларускае войска «не прымала і не мае намеру ўдзельнічаць у «спэцапэрацыі» (так Расея называе сваё ваеннае ўварваньне), у Генштабе УСУ паведамлялі, што немагчыма цалкам выключыць фактычнае прыцягненьне войскаў Беларусі да вайны Расеі ва Украіне.

16 красавіка ў Генэральным штабе УСУ зноў заявілі, што захоўваецца пагроза ракетных удараў як з тэрыторыі Беларусі, так і Расеі па аб’ектах ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінка расказвае, як зь Беларусі бамбілі Чарнігаў