Паводле выведкі, «мабілізацыю» украінцаў плянуюць пачаць адразу пасьля псэўдарэфэрэндумаў для стварэньня так званых народных рэспублік.
«Пасьля правядзеньня мабілізацыі ФСБ Расеі плянуе кінуць „змабілізаваных“ украінцаў на найбольш гарачыя ўчасткі фронту для штурму пазыцыяў Узброеных сілаў Украіны пад кантролем „загараджальных атрадаў“. Фактычна гэта спроба зьнішчыць Украіну рукамі саміх украінцаў», — падкрэсьлілі ў выведцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пакуль мы тут, Марыюпаль — гэта Ўкраіна». Адзін з камандзіраў «Азову» расказаў пра абарону «Азоўсталі»У той жа час дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань лічыць такі сцэнар малаймаверным.
«Чуткі аб „рэфэрэндуме“ і „мабілізацыі“ распаўсюджваюцца сярод акупантаў, і ў тым ліку тое, што паведаміла наша выведка. Гэта сцэнар апакаліпсісу, каб стварыць сытуацыю дэстабілізацыі менавіта на акупаванай тэрыторыі, каб людзі зьняверваліся», — патлумачыў Сяргей Хлань.
Дэпутат Херсонскай абласной рады мяркуе, што Расея ня можа мабілізаваць грамадзян Украіны.
«На Данеччыне яны „мабілізуюць“ тых, хто атрымаў расейскі пашпарт. Сцэнару „пашпартызацыі“ на Херсоншчыне яшчэ няма — раз, Херсоншчына ёсьць неад’емнай часткай Украіны — гэта два, ніякіх „рэфэрэндумаў“ не праходзіла. Чуткі аб „рэфэрэндуме“ на пачатку траўня потым перанесьлі на 27 траўня, нібыта недзе друкуюць бюлетэні — такога яшчэ не адбываецца, і, шчыра кажучы, апроч чутак аб „рэфэрэндуме“, інфармацыі і агітацыйных улётак няма. Адзінае, што ёсьць, — прапагандысцкія ўлёткі пра тое, што „расейцы прыйшлі вызваляць, што будзе мір“», — удакладніў Сяргей Хлань.
Дэпутат таксама дадаў, што расейскія вайскоўцы ў Херсонскай вобласьці пачалі блякаваць выезд жыхароў за межы сваіх паселішчаў.
«Акупанты ціснуць псыхалягічна, каб стварыць сярод людзей паніку і ўяўленьне, што Ўкраіна ад іх адмовілася, што іх кінулі і ніхто іх вызваляць ня будзе. Акупанты сваімі дзеяньнямі робяць так, каб сытуацыя была найгоршая, і тады яны прапануюць або сваю гуманітарную дапамогу, або фінансавую дапамогу ў выглядзе 10 тысяч рублёў, як гэта было ў Генічаску. Нагнятаючы гэтую сытуацыю, яны ствараюць карцінку, што толькі яны і могуць дапамагчы, „забудзьцеся, што пра вас нехта там там думае і дбае“», — дадаў Сяргей Хлань.
Мітынг у Херсоне, 1 сакавіка
Расейскія войскі захапілі амаль усю Херсонскую вобласьць і большую частку Запароскай вобласьці ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня. З боку Крыму 24 лютага расейцы зайшлі ў Алешкі і Генічаск, 27 лютага — у Новую Кахоўку, 28 лютага — у Бярдзянск, 2 сакавіка — у Херсон. Цяпер там Расея праводзіць палітыку дэўкраінізацыі, спрабуючы арганізаваць фэйкавыя рэспублікі накшталт так званых «ЛНР» і «ДНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прадстаўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны кажа пра намер Расеі стварыць «Херсонскую народную рэспубліку»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.