Кітай адкрыў чыгуначны маршрут да Нямеччыны ў абыход Расеі і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Маршрут пройдзе праз 9 краін Азіі і Эўропы.

Кітай адкрыў чыгуначны маршрут да Нямеччыны, які абыходзіць Расею. Цягнікі змогуць даехаць да нямецкага гораду Мангайм, паведамляе China.org.

Маршрут пройдзе праз Казахстан, Азэрбайджан, Грузію, Турэччыну, Баўгарыю, Румынію, Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію. Праз Касьпійскае і Чорнае моры будуць адбывацца камбінаваныя чыгуначныя і марскія перавозкі. 13 красавіка з гораду Сіань новым маршрутам адправіўся першы цягнік, загружаны спартовымі таварамі.

Міжнародная лягістычная кампанія з офісам у Сіані лічыць, што эфэктыўнасьць такіх перавозак павялічыцца, а выдаткі зьнізяцца. Новы маршрут «дапаможа наладзіць экспарт у цяперашняй сытуацыі», сказаў кіраўнік кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На мяжы Беларусі з ЭЗ чэргі фураў. Што распавядаюць «дальнабойшчыкі»

Пасьля пачатку вайны супраць Украіны дзясяткі краін абвесьцілі санкцыі супраць расейскіх кампаніяў і грамадзян (пераважна палітыкаў і ўладальнікаў буйнога бізнэсу, набліжаных да Пуціна). Замежныя кампаніі масава пакідаюць Расею: спыняюць пастаўкі тавараў і вытворчасьць у Расеі або перадаюць яе мясцовым уладам.

На сёньня больш за 750 замежных кампаніяў заявілі аб часовым або поўным сыходзе з расейскага рынку. Сярод іх кітайская дзяржаўная нафтагазавая кампанія Sinopec, якая спыніла інвэстыцыйную дзейнасьць у Расеі, баючыся трапіць пад санкцыі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уладальнік Opel і Peugeot спыняе выпуск аўтамабіляў на заводзе ў Расеі