У рэспандэнтаў запыталіся, якіх сусьветных палітычных лідэраў яны ведаюць і як да іх ставяцца, а таксама ў якім геапалітычным зьвязе трэба быць Беларусі.
- Самым папулярным замежным палітыкам застаецца Ўладзімір Зяленскі. У красавіку 92% рэспандэнтаў адказалі, што станоўча ставяцца да прэзыдэнта Ўкраіны.
- Вырасла станоўчая ацэнка Джо Байдэна (з 57% у сакавіку да 61% у красавіку) і Анджэя Дуды (з 76% да 81%). Станоўча ставяцца да прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы (78%).
- Аднак значна пагоршылася стаўленьне да Эмануэля Макрона. У сакавіку яго ацэньвалі станоўча 50% рэспандэнтаў, у красавіку — толькі 37%. Магчыма, зьмена стаўленьня да прэзыдэнта Францыі абумоўлена ягонымі безвыніковымі спробамі дамовіцца з Уладзімірам Пуціным.
Менавіта дапамога Ўкраіне вызначае стаўленьне да сусьветных лідэраў, адзначаюць аўтары дасьледаваньня. Чым больш актыўна палітыкі падтрымліваюць Украіну, тым лепш ставяцца да іх беларусы, настроеных на пратэст.
Паводле экспэртаў „Народнага апытаньня“, вайна зьмяніла стаўленьне прыхільнікаў пратэсту да геапалітычнага выбару. Большасьць апытаных мяркуюць, што Беларусь павінна быць у Эўрапейскім Зьвязе. І ад пачатку вайны колькасьць рэспандэнтаў, якія так лічаць, расьце. У лютым за Эўразьвяз выказалася 38% рэспандэнтаў, а ў красавіку гэтую ідэю падтрымалі ўжо 60%.
Зьменшылася колькасьць людзей, якія лічаць, што Беларусь павінна знаходзіцца па-за геапалітычнымі зьвязамі (з 37% у лютым да 20% у красавіку). Таксама менш людзей падтрымліваюць хаўрус з Расеяй і ЭЗ адначасова. У лютым за зьвяз з РФ і ЭЗ выказаліся 24 працэнты, у сакавіку і красавіку такое лічаць пажаданым 10-11 працэнтаў рэспандэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 98% апытаных лічаць катастрофай удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі, — вынікі «Народнага апытаньня» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 20 тысяч хворых на ковід у дзень. Як ацэнкі «Народнага апытаньня» адрозьніваюцца ад афіцыйных