Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 20 тысяч хворых на ковід у дзень. Як ацэнкі «Народнага апытаньня» адрозьніваюцца ад афіцыйных


Ілюстрацыйнае фота.

У эфіры Свабоды Premium сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў прааналізаваў ацэнкі «Народнага апытаньня» пра маштабы распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі і эфэктыўнасьць вакцынацыі.

«Народнае апытаньне» — незалежная плятформа для сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі.

Глядзіце размову з Генадзем Коршунавым на відэа цалкам.

  • З кастрычніка па лістапад 2021 году на плятформе «Народнае апытаньне» апыталі 2932 чалавекі, каб ацаніць колькасьць хворых і вакцынаваных па рэгіёнах, а таксама прааналізаваць эфэктыўнасьць вакцынацыі.

Асноўныя вынікі апытаньня:

Вялізарная розьніца з афіцыйнай статыстыкай

Рэзкі скачок захворваньня прыпаў на верасень. Калі ў жніўні штодня па краіне захворвала, найбольш верагодна, амаль 4 тысячы чалавек (з пацьверджаным дыягназам COVID-19), то ў верасьні гэта было больш за 10 тысяч чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, захворвальнасьць на ковід у верасьні не перавышала 2000 чалавек у дзень. Што тычыцца тых людзей, хто хварэў ці лічыць, што хварэў (гублялі нюх і смак, але няма пацьверджанага дыягназу), то ў верасьні колькасьць захварэлых у гэтай катэгорыі найбольш верагодна дасягнула 20 162 чалавек штодня.

Больш за палову дарослага насельніцтва Беларусі перахварэла на каранавірус

Паводле апытаньня, з 95% верагоднасьцю ад 42% да 59% дарослага насельніцтва Беларусі перахварэлі ці лічаць, што перахварэлі на COVID-19 (гублялі нюх і смак, нават калі ня маюць пацьверджанага дыягназу). Найбольш верагоднае значэньне — 51%. У пераліку на душу насельніцтва больш за ўсё перахварэла ў Менску, найменш — у Гомельскай вобласьці.

Найбольш вакцынуюцца людзі з вышэйшай адукацыяй

З 95% верагоднасьцю ад 15,5% да 29,5% насельніцтва Беларусі цалкам вакцынавана. У гэтым ацэнкі апытаньня істотна не адрозьніваюцца ад статыстыкі Міністэрства аховы здароўя (паводле афіцыйных зьвестак — 25,7%). Найбольш вакцынуюцца людзі з вышэйшай адукацыяй. Невысокая доля вакцынаваных сярод старэйшай узроставай катэгорыі, якая павінна быць абароненая ў першую чаргу.

Вакцынаваныя людзі лягчэй пераносяць COVID-19

Сярод рэспандэнтаў не было ніводнага выпадку, каб хто трапіў у рэанімацыю ў пэрыяд з 14 да 180 дзён пасьля поўнай вакцынацыі. У цэлым вакцынаваныя радзей лячыліся ў шпіталях. У старэйшага пакаленьня ў сярэднім верагоднасьць шпіталізацыі зьмяншаецца з 26% да 5% у пэрыяд з 14 да 180 дзён пасьля поўнай вакцынацыі.

Эфэктыўнасьць вакцынаў

Паводле ацэнак апытаньня, у сярэднім верагоднасьць не захварэць у пэрыяд з 14 да 180 дзён пасьля поўнай вакцынацыі расейскай вакцынаю «Спутнік» — 80,6%, кітайскай ад кампаніі Sinopharm — 77,6%.

Асноўныя тэзісы Генадзя Коршунава:

  • Афіцыйная статыстыка малюе альтэрнатыўную карціну сьвету. Мы гэта пабачылі яшчэ летась, калі выпадкова рэальныя лічбы зь Беларусі трапілі ў нейкую справаздачу ААН, і аказалася, што колькасьць памерлых адрозьніваецца ад афіцыйных лічбаў у 14 разоў. Зразумела, што дадзеным і па захворваньнях, і па памерлых даверу, мякка кажучы, няма. Лічбы «Народнага апытаньня» ўражваюць.
  • Тым ня менш трэба вельмі асьцярожна ставіцца да любых лічбаў, асабліва калі параўноўваем статыстыку з рознымі краінамі — і лічбы захварэлых, і лічбы сьмерцяў. Мэтодыкі адрозьніваюцца — каго лічыць памерлым ад ковіду, як праводзіцца тэставаньне. Гэта не прастора для маніпуляцый, а проста аб’ектыўная розьніца мэтодык. Хутчэй трэба глядзець не на абсалютныя лічбы, а на трэнды.
  • Чаму людзі не сьпяшаюцца вакцынавацца. Калі ў грамадзтва няма даверу да ўлады, што мы бачым на постсавецкай прасторы, то тэмпы вакцынацыі будуць значна ніжэйшыя, чым у іншых краінах. Другі момант — недавер да канкрэтных вакцынаў, гэта бачна і па апытаньнях. Людзі хочуць выбару. Гэта адзін з фактараў, чаму «стрэліла» рэвалюцыя 2020 году. Людзі хочуць выбіраць. І ім замест 7 ці 8 існуючых у сьвеце вакцын улады прапануюць абмежаваны выбар, а таксама адмаўляюцца ад прапановаў іншых вакцын.
  • Гэтае апытаньне, сярод іншага, паказала, што ў справе аховы здароўя, у справе арганізацыі жыцьця, у справе адукацыі дзяржава цяпер ня будзе рабіць нічога, акрамя таго, што будзе на карысьць уладзе. Таму кожны чалавек асобна і ўсе мы разам за сябе і за сваё атачэньне адказваем самі. Дзяржава дапамагаць ня будзе. Мы самі павінны захаваць і сябе, і сваіх дзяцей, і сваіх бацькоў. Усё залежыць толькі ад нас. Дзяржава пра нас клапаціцца ня будзе.
  • Яшчэ вельмі важная рэч. Вакцынацыю трэба рабіць. Гэта кажуць і нашы экспэрты, і дадзеныя апытаньня. Жыцьцё паказвае, што Дэльта была не апошнім штамам, і Омікрон, найхутчэй, ня будзе апошнім штамам. Ці будзе лягчэй, ці будзе цяжэй, невядома. Спадзявацца на нейкія вонкавыя сілы не выпадае. Мы павінны разьлічваць на сябе і браць адказнасьць за сваё жыцьцё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG