«Абарона Ўкраіны — сьвятая справа для кожнага». Старшыня Рады БНР зьвярнулася да беларусаў, якія ваююць за Ўкраіну

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ў сваім звароце падкрэсьліла, што перамога Ўкраіны неабходная для нацыянальнай перамогі Беларусі і для яе вызваленьня.

«Дарагія беларускія добраахвотнікі — абаронцы Ўкраіны! Я ўзрушаная вітаць беларусаў батальёну імя Каліноўскага, якія трымаюць у руках зброю пад нашымі нацыянальнымі сымбалямі — бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», — сказала Івонка Сурвіла. — У першы дзень расейскай агрэсіі супраць Украіны Рада БНР, як гістарычнае дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі на Выгнаньні, абвясьціла, што «разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпаведную доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».

Старшыня Рады БНР таксама зьвярнулася і да цывільных валянтэраў. Яна зазначыла, што абарона Ўкраіны ці дапамога абароне Ўкраіны — сьвятая справа для кожнага ва ўсім цывілізаваным сьвеце, тым больш для найбліжэйшага суседняга народу — беларусаў.

«Для беларусаў дадатковая важнасьць ёсьць у тым, што перамога Ўкраіны неабходная і для нашай нацыянальнай перамогі, для вызваленьня Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самае страшнае — твары людзей, якія перажылі акупацыю». Беларускі добраахвотнік «Барсук» пра вызваленую Бучу

Івонка Сурвіла таксама падкрэсьліла, што беларускі збройны дабраахвотнік, баронячы Ўкраіну, сваёй крывёю і жыцьцём ратуе гонар беларускага імя перад украінцамі і народамі цывілізаванага сьвету — «у той час, калі Лукашэнка ўвайшоў у злачынную змову з Пуціным супраць перш беларускага народу, а пасьля й супраць Украіны».

«Я маю гонар вітаць усіх беларусаў, якія робяць гэтыя сьвятыя справы ў шэрагах Збройных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Ўкраіны, у тэрытарыяльнай абароне Украіны ў многіх месцах. Пачэсную справу робяць таксама беларускія цывільныя валянтэры, якія падтрымліваюць беларускіх і ўкраінскіх ваяроў ва Ўкраіне і ў дыяспары: у Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Вялікай Брытаніі і паўсюль. Вялікі гонар належыцца безумоўна ўсім беларусам, якія знаходзяць спосабы дапамагчы перамозе Ўкраіны з самой Беларусі ва ўмовах палітычнага тэрору і таксама часта з рызыкай для жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне разьвіталіся зь беларускім добраахвотнікам, які загінуў у баях за Ірпень

Так здаралася ў гісторыі нашых суседзяў, — як Чэхаславаччыны і Польшчы, — што асноваю для іх нацыянальнага войска сталіся іх нацыянальныя легіёны ў складзе войскаў іншых дзяржаваў.

Беларускае нацыянальнае войска, якое б ня здрадзіла беларускаму народу — ані як найміт нутранога захопніка ўлады, ані як калябарант Крамля, — яшчэ мае зьявіцца. Гэта тое, чаго не хапіла для абароны незалежнасьці БНР у 1918 годзе, і тое, што неабходна для незалежнасьці і вызваленьня Беларусі цяпер.

Я дзякую ўладам Ўкраіны за стварэньне магчымасьці беларусам змагацца за Ўкраіну пад уласным нацыянальным сьцягам.

Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!», — сказала Івонка Сурвіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў вока на вайне. Як загінуў ва Ўкраіне беларускі добраахвотнік Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.