Весткі з франтоў: расейцы актывізавалі наступ на Данбасе і абстрэльваюць украінскія тылы

Украінскі вайсковец на захопленым расейскім танку, 2022 год

Свабода вывучыла весткі з франтоў і тылоў расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны за 19 красавіка.

Бясьпечных гарадоў цяпер ва Ўкраіне няма

У большасьці рэгіёнаў Украіны захоўваецца небясьпека ракетных удараў і бамбаваньня. Мінулай ноччу сырэны паветранай трывогі ўключаліся на большай частцы ўкраінскай тэрыторыі — у Славуцічы Чарнігаўскай вобласьці, у Сумах і Сумскай вобласьці, у Кіеве і Кіеўскай вобласьці, ува ўсіх усходніх і паўднёвых рэгіёнах.

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што ва Ўкраіне няма ніводнага гораду ў безумоўнай бясьпецы.

Дзе праходзяць лініі фронту

Поўдзень і ўсход — цяпер найбольш гарачыя месцы ва Ўкраіне.

Расейцы працягваюць бамбіць Харкаў і ягоныя ваколіцы, Мікалаеўскую, Данецкую і Луганскую вобласьці.

Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, у Харкаве расейцы цэлілі ў жылыя будынкі, дзіцячыя пляцоўкі і пункты выдачы гуманітарнай дапамогі. Загінулі трое грамадзян, 15 параненыя, у тым ліку 14-гадовы падлетак.

На Луганшчыне, як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай, Узброеныя сілы змаглі адбіць 7 наступаў расейцаў, у тым ліку ў Рубежным і Папаснай. Паводле яго, расейскія войскі істотна ўзмацнілі абстрэлы з усіх відаў узбраеньня. Ад удараў цярпяць Лісічанск, Севераданецк і Гарское — уся лінія на харкаўскім кірунку, празь які расейцы хочуць прарвацца, каб цалкам захапіць Луганскую вобласьць і аб’яднацца з сіламі, якія штурмуюць Харкаў з боку Белгарадзкай вобласьці Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Баі за Данбас, атака на завод «Азоўсталь» у Марыюпалі. 55-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Луганскія ратавальнікі яшчэ 18 красавіка маглі выяжджаць у Крамянную на тушэньне пажараў пасьля абстрэлаў, але раніцай 19 красавіка гэта ўжо немагчыма.

«Яны (ратавальнікі) змаглі лякалізаваць пажар на плошчы 2400 кв. мэтраў спартовай базы „Алімп“, каб полымя не распаўсюдзілася на хваёвы лес. Чатыры чалавекі загінулі ў Крамянной пры спробе эвакуавацца — аўтамабіль у лоб расстралялі расейцы. За пятым пасажырам, які атрымаў раненьні, выехала „хуткая“, якую таксама абстралялі», — удакладніў кіраўнік Луганшчыны Сяргей Гайдай.

Паводле яго, цяпер тысячы жыхароў Крамянной сталі закладнікамі расейскай арміі.

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук паведаміла, што на 19 красавіка дамоўленасьці аб арганізацыі гуманітарных калідораў няма. «Працягваюцца інтэнсіўныя абстрэлы на Данбасе», — патлумачыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пэнтагон: Расея разгарнула ва Ўкраіне 76 батальённых тактычных групаў, на поўнач ад Украіны папаўняюць яшчэ 22 групы

Найбольш складаная сытуацыя — у Марыюпалі

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што расейская авіяцыя атакуе звышцяжкімі бомбамі мэталюргічны камбінат «Азоўсталь», у падземных укрыцьцях якога ад абстрэлаў хаваюцца больш як тысяча мясцовых жыхароў, пераважна жанчыны зь дзецьмі і старыя людзі.

Як сказала Ірына Верашчук, расейцы адмаўляюцца арганізаваць гуманітарны калідор для выхаду цывільнага насельніцтва ў кірунку Бярдзянску.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў, што «камандаваньне робіць усё магчымае, каб падтрымаць абаронцаў Марыюпалю».

«У прыватнасьці, зьнішчэньне дэсантнага карабля „Саратов“ у порце Бярдзянску зьменшыла рызыкі высадкі дэсанту і агнявых атак з мора», — адзначыў Валеры Залужны.

На поўдні — інтэнсіўныя баі і пагрозы высадкі дывэрсантаў

У ноч на 19 красавіка расейскія сілы абстралялі Мікалаеў і спрабуюць захапіць большую частку Херсонскай вобласьці.

Але вайсковае кіраўніцтва пераконвае, што сытуацыя на паўднёвым кірунку пад кантролем. Паводле Валерыя Залужнага, істотна зьменшылася пагроза з мора дзякуючы зьнішчэньню флягманскага карабля Чарнаморскага флёту Расеі.

«Аднак небясьпека высадкі марскіх і паветраных дэсантаў застаецца. У сувязі з гэтым узмацняецца супрацьдэсантная абарона, у тым ліку за кошт матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі краін-партнэраў. Сілы абароны ўстойліва забясьпечваюць абарону Мікалаева ад магчымых спроб праціўніка аднавіць наступ і зьнішчаюць ворага ў ваколіцы Хэрсону. Мы не даем ворагу магчымасьці прасунуцца ў кірунку Запарожжа», — падкрэсьліў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны.

Адначасова ўрадавая каманда вядзе перамовы аб арганізацыі гуманітарных калідораў для эвакуацыі жыхароў Херсонскай вобласьці. Херсон застаецца пад акупацыяй расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны кажа пра намер Расеі стварыць «Херсонскую народную рэспубліку»

На поўначы і ў цэнтры аднаўляюць інфраструктуру

У Кіеўскай, Чарнігаўскай і Жытомірскай абласьцях улады пачалі аднаўляць пашкоджаную інфраструктуру, наколькі мага. Цяпер галоўнае аднавіць вода-, газа- і энэргазабесьпячэньне. Але найбольшая ўвага цяпер сканцэнтраваная на аднаўленьні мастоў і дарог, каб аднавіць пастаўку прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў у вызваленыя паселішчы.

Разам з тым вайсковае камандаваньне заклікала жыхароў гэтых рэгіёнаў да пільнасьці — расейцы пакінулі шмат мінаў, пастак і расьцяжак.

«Нам удалося зьліквідаваць непасрэдную пагрозу сталіцы Ўкраіны. Аднак для ўсёй краіны застаецца небясьпека ракетных удараў і бамбаваньня», — паведаміў Валеры Залужны.

Асобна Генэральны штаб зьвяртае ўвагу на тое, што «Рэспубліка Беларусь працягвае надаваць сваю тэрыторыю для нанясеньня авіяцыйных удараў па тэрыторыі Ўкраіны і правядзеньня выведкі аб’ектаў на ўкраінскай тэрыторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусы, вы ж бачыце, што адбываецца!» Шматдзетная жанчына вярнула ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн Маці ў знак пратэсту супраць вайны

Што кажуць у Расеі

Міністэрства абароны Расеі пераконвае, што ў Херсоне і Херсонскай вобласьці расейцы развозяць гуманітарную дапамогу — крупы, кансэрваваную рыбу і ялавічыну, алей і цукар.

У Маскве ў ваеннай зводцы за мінулыя содні называюць тыя ж кірункі бааявых дзеяньняў, што і ўкраінскія ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі працягваюць утойваць інфармацыю пра матросаў на патопленым крэйсэры «Москва»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.