«Сытуацыя крытычная». Камандзір украінскіх марпехаў заклікаў неадкладна дэблякаваць Марыюпаль
Марыюпаль, 12 красавіка 2022 г.
Камандзір 36-й асобнай брыгады марской пяхоты, маёр Сяргей Валына заклікае ўлады правесьці дэблякаду Марыюпалю як найхутчэй — або ваенным, або палітычным шляхам.
На раніцу 15 красавіка абаронцы Марыюпалю вядуць упартыя баі, супернік агрэсіўна надыходзіць, «сытуацыя зьяўляецца крытычнай», заявіў Сяргей Валына ў камэнтары «Ўкраінскай праўдзе».
На думку Валыны, Марыюпаль можа ўратаваць альбо тэрміновая ваенная апэрацыя, альбо палітычнае рашэньне. Камандзір марпехаў упэўнены, што сёньня дэблякада Марыюпаля магчымая, але яе неабходна правесьці «ў найкарацейшыя тэрміны, прыцягнуць вопытных камандзіраў і неабходныя сродкі».
Паводле яго, украінскія вайскоўцы ня маюць намеру здавацца ў палон і гатовыя змагацца, але сытуацыя пагаршаецца.
З 1 сакавіка Марыюпаль заблякаваны расейскімі войскамі. За час баёў горад амаль цалкам зруйнаваны. Паводле ўкраінскіх уладаў, у Марыюпалі загінулі каля 20–22 тысяч чалавек. У горадзе няма ні электрычнасьці, ні падвозу ежы і вады. Узяць горад цалкам расейцам не ўдаецца праз супраціў украінскіх узброеных сілаў, у прыватнасьці батальёну «Азоў».
11 красавіка 36-я асобная брыгада марской пяхоты, якая ўдзельнічае ў абароне Марыюпалю, заявіла, што 11 красавіка можа адбыцца апошняя бітва, бо ў іх заканчваюцца боепрыпасы.
12 красавіка дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што прэзыдэнт і кіраўніцтва Ўзброеных сіл Украіны шукаюць магчымасьць дапамагчы ўкраінскім вайскоўцам у Марыюпалі, але ня могуць агучваць свае пляны публічна.
13 красавіка лідэры «Азова» і 36-й асобнай брыгады марской пяхоты запісалі сумесны зварот з Марыюпалю і пацьвердзілі, што ім удалося аб’яднаць намаганьні для абароны гораду.