Кангрэсмэны ЗША наведалі Кіеў, Бучу і Барадзянку

Барадзянка, Кіеўская вобласць, 5 красавіка 2022 года. Ілюстрацыйнае фота.

Гэта быў першы візыт амэрыканскіх афіцыйных асоб ва Украіну пасьля пачатку расейскага ўварваньня, пішуць Голас Амэрыкі і тэлеграм-канал «Киев.Главное» са спасылкай на The New York Times.

Паведамляецца, што рэспубліканскі сэнатар Стыў Дэйнс ад штата Мантана і сябра Палаты прадстаўнікоў Вікторыя Спартц ад Індыяны наведалі Кіеў і навакольлі ўкраінскай сталіцы.

Паводле яе сьведчаньняў, гэта быў першы візыт амэрыканскіх афіцыйных асоб ва Украіну пасьля пачатку расейскага ўзброенага ўварваньня.

Па дадзеных выданьня, Дэйнс і Спартц прыбылі ў Кіеў на цягніку з тэрыторыі Заходняй Украіны, атрымаўшы адпаведнае запрашэньне ад украінскага ўраду.

Як паведамляе The New York Times, заканадаўцы акрамя Кіева наведалі Бучу і Барадзянку.

Украіну за час вайны ўжо наведалі:

  • старшыня Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен;
  • вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль;
  • прэм’ер-міністар Славаччыны Эдуард Гегер;
  • кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце;
  • прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан;
  • канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр;
  • дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі;
  • прэмʼер-міністры Чэхіі (Пэтар Фіяла), Польшчы (Матэвуш Маравецкі) і Славеніі (Янэз Янша);
  • прэзыдэнты Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы;
  • сьпікеры сэнатаў Чэхіі і Польшчы
  • Вайна Расеі супраць Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць запрашэньні, ад якіх не адмаўляюцца». Сьпікеры сэнатаў Чэхіі і Польшчы прыехалі ў Кіеў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.