«Аўтамабілі разабраныя, раздушаныя танкамі. Большасьць аўтамабіляў адсутнічае, і, згодна з датчыкамі GPS, якімі былі аснашчаныя нашыя аўтамабілі, мы назіраем іх рух як на тэрыторыі Беларусі цяпер, так і Расеі», — сказаў Яўген Крамарэнка на брыфінгу ў Кіеве 13 красавіка.
Са спасылкай на супрацоўнікаў аб’ектаў зоны адчужэньня Яўген Крамарэнка паведаміў, што 31 сакавіка з украінскай чарнобыльскай зоны расейцы вывезьлі каля 10 тысяч адзінак тэхнікі.
«Кожны другі аўтамабіль быў з украінскімі нумарамі. Гэта былі як вялікія грузавікі, так і легкавікі, якія яны выкралі ў нашых грамадзян або прадпрыемстваў», — удакладніў ён.
Кіраўнік Дзяржагенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня таксама паведаміў, што ў часе расейскай акупацыі паселішчаў Кіеўскай вобласьці загінулі 5 супрацоўнікаў аб’ектаў зоны адчужэньня і яшчэ 4 трапілі ў палон да расейцаў (дзе яны цяпер, невядома).
ЧАЭС пасьля адступленьня расейскіх войскаў, 5 красавіка 2022
Яўген Крамарэнка дадаў, што цяпер у зоне адчужэньня знаходзяцца Ўзброеныя сілы Ўкраіны, якія праводзяць разьмінаваньне ў лясах і ў офісных памяшканьнях і інтэрнатах прадпрыемстваў Дзяржаўнага агенцтва. Паводле яго, дагэтуль не змаглі аднавіць дзейнасьць маніторынгавай станцыі, таму радыяцыйны фон кантралюецца ў асобных месцах у ручным рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пажары, павышаны ўзровень радыяцыі і міны. Ва Ўкраіне забаранілі наведваць зону адчужэньня і Чарнобыльскую АЭСЯўген Крамарэнка дадаў, што сярод палонных, якіх захапілі расейцы пры сваім адыходзе, ёсьць адна супрацоўніца ЧАЭС — жонка аднаго і маці другога супрацоўніка Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Яна добраахвотна пагадзілася замяніць сваіх калег у зьмене, што працавала ад пачатку расейскай агрэсіі.
Усяго, паводле міністра ўнутраных спраў Украіны Дзяніса Манастырскага, расейцы на Чарнобыльскай АЭС захапілі ў палон 169 супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
«Сёньня частка іх, паводле нашай інфармацыі, знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а частка — у Расеі. Мы былі на месцы, дзе іх утрымлівалі. Гэта падзямельле безь сьвятла, без магчымасьці нармальна падтрымліваць зносіны. У іх забралі ўсе сродкі сувязі, калі яны там знаходзіліся, і потым іх вывезьлі. Якая іхная доля, на жаль, сказаць не магу. Ідуць перамовы пра іх абмен. Але мы разумеем, што гэта будзе, магчыма, толькі пасьля заканчэньня актыўнай фазы баявых дзеяньняў», — удакладніў міністар у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Расейцы захапілі закрытую Чарнобыльскую атамную электрастанцыю ў першы дзень вайны, 24 лютага. За больш як месяц акупацыі яны дазволілі толькі адну частковую замену пэрсаналу, а ў канцы сакавіка пачалі штурмаваць Славуціч — горад-спадарожнік станцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія салдаты месяц жылі ў акопах у найбольш небясьпечным месцы каля ЧАЭС. ФОТА і ВІДЭАСлавуціч удалося адстаяць, а расейцы пачалі акопвацца і ствараць фартыфікацыйныя збудаваньні ў найбольш небясьпечным у зоне адчужэньня месцы — у Рудым лесе, на які ў 1986 годзе выпала найбольш радыяактыўнага пылу.
Увечары 31 сакавіка расейцы вырашылі пакінуць тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Дакладна невядомая колькасьць вайсковай тэхнікі, якую Расея перакідвала зь Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю зоны адчужэньня і станцыі.
Пасьля аднаўленьня Ўкраінай кантролю над ЧАЭС і зонай адчужэньня высьветлілася, што расейцы выкралі сэрвэр кампутараў маніторынгавай станцыі, якая адсочвала радыяцыйны фон, а таксама зьнішчылі архіў Чарнобыльскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі пры адступленьні з чарнобыльскай зоны зьнішчылі архіў ЧАЭСВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.