ЗША паабяцалі дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 800 млн даляраў: артылерыю, бронетранспартэры, верталёты
Джо Байдэн
Пра гэта 13 красавіка паведаміў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн пасьля размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
«Я толькі што размаўляў з прэзыдэнтам Зяленскім і падзяліўся зь ім, што мая адміністрацыя ўхваліла дадатковыя 800 мільёнаў даляраў на зброю, боепрыпасы і іншую дапамогу Ўкраіне, — цытуе заяву Байдэна сайт Белага дома. — Украінскія вайскоўцы выкарысталі зброю, якую мы даем, з разбуральным эфэктам. У той час як Расея рыхтуецца ўзмацніць свае атакі на Данбасе, Злучаныя Штаты будуць працягваць надаваць Украіне сродкі для абароны».
«Гэты новы пакет дапамогі будзе ўтрымліваць многія з высокаэфэктыўных сыстэм узбраеньняў, якія мы ўжо прапанавалі, і новыя магчымасьці, прыстасаваныя да больш шырокага наступу, які, як мы чакаем, Расея ажыцьцявіць на ўсходзе Ўкраіны, — адзначае Байдэн. — Гэтыя новыя магчымасьці ўключаюць артылерыйскія сыстэмы, артылерыйскія снарады і бронетранспартэры. Я таксама ўхваліў перадачу дадатковых верталётаў».
«Пастаянныя пастаўкі зброі, якія ЗША і іх саюзьнікі і партнэры рабілі для Ўкраіны, мелі вырашальнае значэньне для падтрыманьня яе барацьбы з расейскім уварваньнем, — сьцьвярджае прэзыдэнт ЗША. — Гэта спрычынілася да таго, што Пуцін праваліўся ў сваёй першапачатковай мэце заваяваць і падпарадкаваць сабе Ўкраіну. Мы яшчэ ня можам адпачыць. Я запэўніў прэзыдэнта Зяленскага, што амэрыканскі народ будзе працягваць стаяць разам з мужным украінскім народам у яго барацьбе за свабоду».