Крэмль ня выказаў гатоўнасьці да абмену кума Пуціна

Арыштаваны Віктар Медзьвядчук, 12 красавіка 2022 г.

Крэмль не гатовы забраць палітыка Віктара Медзьведчука ва Ўкраіны. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

«Што да абмену, пра які з такім запалам, палкасьцю, задавальненьнем загаварылі розныя дзеячы ў Кіеве: Медзьвядчук не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Ён ня мае ніякага дачыненьня да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён зьяўляецца замежным палітычным дзеячом. Мы наогул ня ведаем, ці хоча ён сам нейкага ўдзелу Расеі ў вырашэньні гэтай пасквільнай у дачыненьні да яго сытуацыі», — перадае словы Пяскова РИА Новости.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне кума Пуціна абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве

Учора зьявілася інфармацыя аб затрыманьні Віктара Медзьведчука Службай бясьпекі Ўкраіны. Алігарх, лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кум Уладзіміра Пуціна на момант пачатку вайны Расеі супраць Украіны быў пад хатнім арыштам. У адносінах да яго расьсьледавалася справа аб дзяржаўнай здрадзе. Пазьней ён уцёк. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 12 красавіка выказаў гатовасьць памяняць Медзьведчука на палонных украінскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў з пагрозамі ўкраінскім уладам у адказ на арышт кума Пуціна

Пяскоў адначасова адхіліў любыя закулісныя сувязі Крамля і ўкраінскага палітыка.

«Добра вядомыя погляды Медзьведчука на карысьць наладжваньня нармальных, узаемавыгадных, партнэрскіх адносін Украіны і Расеі. Пазыцыя гэтая заўсёды была адкрытая, ніякіх закулісных адносін з Расеяй Медзьвядчук ніколі ня меў. Нават калі гіпатэтычна гэта сабе ўявіць, то ўжо, напэўна, можна было б зразумець, што Медзьвядчук пакінуў бы тэрыторыю Ўкраіны да пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Ён гэтага, як мы бачым, не зрабіў», — сказаў прэс-сакратар Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чым вядомы кум Пуціна Медзьвядчук, якога арыштавалі ва Ўкраіне, і як ён зьвязаны зь Беларусьсю