Украіна займаецца эвакуацыяй, Расея — перамяшчэньнем зброі. Як рыхтуюцца да галоўнай бітвы на Данбасе

Спадарожнікавы здымак перасоўваньня расейскіх войскаў у Белгарадзкай вобласьці, якая мяжуе з Украінай

Пасьля адступленьня на кіеўскім кірунку Расея пачала перамяшчаць і канцэнтраваць свае сілы і тэхніку на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласьцей. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ўсе замежныя выведкі.

Як сьцьвярджаюць вайсковыя экспэрты, ад вынікаў баявых дзеяньняў у гэтым рэгіёне будзе залежаць і вынік вайны, і яе пераможца.

Украінская ўлада выпраўляе памылкі

Баі на на Данецкім і Луганскім кірунках адбываліся і раней, пачынаючы з 2014 году, але сёлета з 24 лютага яны сталі больш інтэнсіўнымі. Цяпер штодзень расейскія войскі па 5-7 разоў штурмуюць пазыцыі ўкраінскага войска, але часьцей абстрэльваюць менавіта цывільную інфраструктуру і мірных жыхароў.

Абапіраючыся на зьвесткі выведак, украінская ўлада пачала загадзя праводзіць эвакуацыю з падкантрольных тэрыторый на Луганшчыне і Данеччыне. Тут, у адрозьненьне ад Марыюпалю, жыхароў якога нават пасьля пачатку абстрэлаў не папярэдзілі і не заклікалі выяжджаць, улады праводзяць масавую эвакуацыю.

Крамянная, Севераданецк, Рубежнае, Папасная, Лісічанск, Ніжняе — такі пералік населеных пунктаў, зь якіх жыхароў просяць тэрмінова выехаць. Але колькасьць ахвочых пакідаць свае дамы пасьля абстрэлу чыгуначнай станцыі ў Краматорску істотна скарацілася.

«Эвакуюйцеся, пакуль мы можам вас забраць — расейцы канцэнтруюць тэхніку пад Рубежным і рэжыму цішыні не выконваюць», — такімі словамі пачынае кожны дзень у сваіх зваротах кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Паводле яго, напружанасьць кожны дзень павялічваецца і з пачаткам актыўных баявых дзеяньняў эвакуацыйныя магчымасьці будуць яшчэ горшымі, чым цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькасьць ахвяраў ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску дасягнула 50 чалавек

Расейцы забаранілі выяжджаць з Марыюпалю на сваіх аўтамабілях

Адзінае, што 13 красавіка паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны пра баявыя дзеяньні на Данеччыне, — праціўнік працягвае наносіць авіяўдары па Марыюпалі і вядзе наступ у раёне мэталюргічнага комплексу «Азоўсталь» і марскога порту.

Расейскае Міністэрства абароны пераконвае, што ў палон нібыта здаліся 1026 украінскіх абаронцаў Марыюпалю.

Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка заявіў, што ўжо два дні жыхары Марыюпалю ня могуць выехаць з гораду нават на асабістым транспарце. Паводле яго, пад пастаяннымі абстрэламі расейцаў застаюцца прыгарады Чаркаскае, Аўдзееўка, Вялікая Навасёлка. У рэгіёне ўжо афіцыйна пацьверджана гібель 238 грамадзян, яшчэ 761 чалавек атрымаў раненьні. Колькасьць ахвяр у Марыюпалі і Валнавасе невядомая.

«Зноў і зноў расейцы пацьвярджаюць, што яны ня здольныя весьці сумленную канвэнцыйную вайну, ня здольныя супрацьстаяць Узброеным сілам Украіны. Іхная галоўная тактыка цяпер — забіваць і тэрарызаваць цывільнае насельніцтва», — заявіў Паўло Кірыленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея сьцягвае дадатковыя войскі да мяжы з Украінай. ФОТА

Часу ўсё менш, войскаў усё больш

Як піша BBC, пакуль у Ўкраіны застаюцца эфэктыўныя супрацьпаветраная абарона і артылерыя, Расеі будзе цяжка прасунуцца далёка наперад.

У абодвух бакоў да гэтага моманту было прыкладна аднолькавая колькасьць асабістага складу ў гэтым рэгіёне — па 30-40 тысяч вайскоўцаў. Аднак Расея намагаецца падвоіць ці нават патроіць свае сілы на ўсходзе Ўкраіны.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што Расея магла страціць каля 20% баявой магутнасьці, сабранай да пачатку ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Апроч таго, на Данбасе знаходзяцца найбольш загартаваныя баямі падразьдзяленьні ўкраінскай арміі — яны змагаліся з прарасейскімі сэпаратыстамі апошнія восем гадоў і пасьпелі добра акапацца ва ўмацаваных траншэях і на іншых абарончых пазыцыях.

Паводле ўкраінскага Генштабу, Расея абвясьціла да 26 красавіка на сумежных з Украінай тэрыторыях так званы «жоўты ўзровень тэрарыстычнай пагрозы». Як мяркуюць украінскія вайскоўцы, гэта можа быць зьвязана зь перамяшчэньнем вайсковай тэхнікі, узбраеньня і асабістага складу на тэрыторыю Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Гомельшчыне за перадачу зьвестак пра перасоўваньне вайсковай тэхнікі завялі 7 крымінальных спраў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.