Зяленскі параўнаў колькасьць прымусова вывезеных у Расею ўкраінцаў з насельніцтвам Таліна

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, красавік 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў краіны Эўразьвязу дапамагчы вярнуць на ўкраінскую тэрыторыю прымусова вывезеных у Расею ўкраінцаў.

«Расейскія намаганьні захапіць усю Ўкраіну пасьля 8 гадоў вайны на Данбасе вярнула ў рэальнасьць тое самае, што давялося перажыць і вашаму (эстонскаму) народу — масавая дэпартацыя, фільтрацыйныя лягеры... На сёньня ўжо больш за 500 тысяч украінцаў прымусова перамешчаныя. Толькі ўявіце сабе, колькі гэта! Гэта тое самае, прабачце, калі б акупанты паставілі мэту вывезьці ўвесь Талін», — заявіў Уладзімір Зяленскі 13 красавіка ў сваім відэазвароце да парлямэнту Эстоніі.

Паводле яго, украінцаў у фільтрацыйных лягерах пазбаўляюць дакумэнтаў, дзяцей разлучаюць з бацькамі і хочуць накіраваць на незаконнае ўсынаўленьне ў расейскія сем’і. Уладзімір Зяленскі таксама дадаў, што ўкраінцаў наўмысна перамяшчаюць у аддаленыя расейскія рэгіёны і такім чынам перашкаджаюць ім вярнуцца ва Ўкраіну.

«Я заклікаю вас, краіны Эўразьвязу, знайсьці такія інструмэнты ціску на Расею, якія маглі б спыніць дэпартацыю і вярнуць усіх дэпартаваных людзей дадому. Эўразьвяз мае сілу, каб гэта забясьпечыць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны заклікаў прадугледзець у чарговым пакеце санкцый супраць Расеі блякаваньне дзейнасьці ўсіх без выключэньня расейскіх банкаў, а таксама ўвесьці эмбарга на пастаўкі расейскай нафты.

Апроч таго, Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Эстоніі з просьбай дапамагчы ў расьсьледаваньні ваенных злачынстваў расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны.

Паводле зьвестак ААН, у Расею выехалі з Украіны 433 083 грамадзяны, і яшчэ 21 292 — у Беларусь. Пэўна, украінскі прэзыдэнт лічыць усіх гэтых людзей прымусова вывезенымі з Украіны.

У сталіцы Эстоніі Таліне пражывае больш за 445 тысяч грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі ідуць на Данбас, прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Кіеве. 49-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны