Мэр Бучы пра эксгумацыю другой брацкай магілы ў горадзе: з 403 ахвяраў расейскай акупацыі ідэнтыфікавалі толькі траціну

Зруйнаваныя будынкі і зьнішчаная вайсковая тэхніка ў Бучы. 8 красавіка 2022 г.

Мэр гораду Буча (Кіеўская вобласьць) Анатоль Федарук заявіў 12 красавіка, што па выніках сёньняшняй эксгумацыі другой брацкай магілы колькасьць ахвяраў расейскай акупацыі дасягнула 403 грамадзян, зь якіх 163 ідэнтыфікавалі.

«Але гэтыя лічбы не канчатковыя, улічваючы тое, што Ўзброеныя сілы і сапёры працуюць па лесапалосах паміж населенымі пунктамі нашай грамады», — сказаў Анатоль Федарук на брыфінгу ў Кіеве 12 красавіка.

Паводле яго, яшчэ 16 мясцовых жыхароў лічацца зьніклымі бязь вестак. Мэр Бучы ня выключыў, што іхныя целы знойдуць менавіта ў лясах, бо сьведкі расказвалі, як расейцы зьбіралі людзей па хатах і вывозілі ў месцы сваёй дысьлякацыі ў лес.

Анатоль Федарук дадаў, што камунальныя службы ўжо ачысьцілі вуліцы гораду ад згарэлай расейскай бранятэхнікі і цяпер вядуць працы, каб да 17 красавіка аднавіць вода-, газа- і энэргазабесьпячэньне. Паводле яго, у горадзе разбураныя 22 шматпавярховыя будынкі, зь якіх два не падлягаюць аднаўленьню і будуць зьнесеныя, а таксама 243 прыватныя будынкі, якія таксама амаль цалкам зьнішчаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Перад расстрэлам ён спытаў у іх: „Чаму?“» Гісторыя сям’і з Бучы, якая трапіла пад напад расейскіх салдатаў

Мэр Бучы паведаміў, што цяпер у горадзе марадэрства няма, але не засталося ніводнай кватэры ці будынку, якія б не былі разрабаваныя расейцамі. Паводле яго, гаспадары дамоў і кватэр будуць «у шоку ад таго, што пабачаць».

Анатоль Федарук пацьвердзіў распаўсюджаную раней інфармацыю пра 25 выпадкаў згвалтаваньня расейцамі жанчын і непаўналетніх дзяўчат. Апроч таго, паводле яго, зафіксаваны і выпадак згвалтаваньня мужчыны.

«Стораж дзіцячага санаторыю ў Ворзелі быў таксама закатаваны і згвалтаваны. Ён быў мужчынскага полу, ён памёр», — паведаміў мэр Бучы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дзяўчынка 14 гадоў, згвалтаваная пяцьцю акупантамі, цяпер цяжарная». Ва Ўкраіне расказваюць аб гвалце з боку расейскіх вайскоўцаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Доказ таго, што ў сьвеце існуе зло». Рэакцыі беларусаў з Бучы на бойню ў горадзе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская прапаганда паўтарае за расейскай, што забойствы цывільных у Бучы — «фэйк»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэакцыя сьвету на масавыя забойствы ў Бучы: Кулеба лічыць Расею горшай за ісламістаў, Ціханоўская заклікае зьбіраць доказы злачынстваў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.