Эўразьвяз пачаў падрыхтоўку шостага пакету санкцый супраць Расеі

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль у Кіеве, 8 красавіка

Міністры замежных спраў краін ЭЗ у Брусэлі абмяркоўваюць сёньня новыя меры падтрымкі Ўкраіны, у тым ліку магчымы чарговы — шосты — пакет санкцый супраць Расеі ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну.

Міністры замежных спраў Ірляндыі, Літвы і Нідэрляндаў заявілі, што Эўрапейская камісія прапрацоўвае магчымасьць увядзеньня нафтавага эмбарга ў адносінах да Расеі. Пры гэтым, паводле іх, канчатковых рашэньняў не прынята.

Як піша Financial Times, сярод краінаў ЭЗ захоўваюцца рознагалосьсі ў пытаньні аб эмбарга, бо некаторыя зь іх, такія як Баўгарыя, амаль цалкам залежаць ад расейскай нафты. Вугоршчына ўжо заявіла, што не падтрымае такога эмбарга. FT піша, што шэраг краін і палітыкаў баяцца далейшага росту цэнаў на энерганосьбіты. Афіцыйна пытаньне аб нафтавым эмбарга ў парадак дня не ўключылі.

Раней эмбарга ўвялі ЗША і Вялікая Брытанія, якія спажывалі значна менш расейскай нафты, чым ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў пра дзясяткі тысяч загінулых у аточаным расейцамі Марыюпалі, дзе ідуць баі

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Анналена Бэрбак заявіла, што Эўразьвязу неабходны плян паступовай адмовы ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль перад сустрэчай сказаў, што будзе абмяркоўвацца таксама пытаньне дапамогі Ўкраіне і расьсьледаваньня ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі. Бурэль пацьвердзіў сваю думку аб тым, што цяперашняя вайна «будзе выйграна на палях бітваў», адзначыўшы, што Расея неўзабаве рыхтуе наступленьне на Данбасе. Пры гэтым ён сказаў, што ЭЗ будзе працягваць рабіць усё, каб спыніць кровапраліцьце, у тым ліку шляхам дыпляматыі і ўзмацненьня жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Масквы.

  • Раней ЭЗ увёў пяць пакетаў санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі, пад санкцыі падпалі больш за 1000 расейскіх юрыдычных асоб і цэлыя галіны эканомікі. Апошні пакет забараніў імпарт вугалю з Расеі і ўезд на тэрыторыю ЭЗ расейскага грузавога транспарту.