Зяленскі заявіў пра дзясяткі тысяч загінулых у аточаным расейцамі Марыюпалі, дзе ідуць баі

Магілы ў дварах Марыюпаля

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку абстрэлаў Марыюпалю (Данецкая вобласьць) горад цалкам зьнішчаны, а сярод загінулых — «дзясяткі тысяч» мірных жыхароў.

«Усё, што ёсьць у горадзе Марыюпаль зруйнавана. Там дзясяткі тысяч загінулых, але нават няглядзячы на гэта, расейцы не спыняюць наступальную апэрацыю. Яны хочуць зрабіць так, каб Марыюпаль быў паказальна зьнішчаны», — заявіў Уладзімір Зяленскі 11 красавіка ў часе свайго выступу перад парлямэнтам Паўднёвай Карэі.

У часе ягонага выступу парлямэнту Паўднёвай Карэі прадэманстравалі відэазапіс, у якім паказалі параненых і забітых жыхароў горада, у тым ліку дзяцей, якіх не змаглі ўратаваць з выкарыстаньнем рэанімацыйных сродкаў.

«Вы пабачылі, што яны нарабілі, таму мы і зьвяртаемся да вас па падтрымку і дапамогу», — дадаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што цягам вайны Расея зьнішчыла больш як 938 аб’ектаў адукацыйнай і амаль 300 мэдычных устаноў у краіне.

«Колькасьць загінулых мы дагэтуль ня можам вызначыць, ад поўначы да поўдня краіны, ва ўсіх раёнах, якіх дасягалі расейскія снарады, дагэтуль адбываецца разбор завалаў», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Раней Марыюпальская гарадзкая рада паведамляла прыблізную колькасьць ахвяр у горадзе — каля 5000 чалавек, у тым ліку ад выбуху расейскай бомбы ў тэатры — 300 чалавек. Але дакладную колькасьць загінулых ні ў драматычным тэатры, ні ва ўсім горадзе пакуль немагчыма падлічыць, бо там дагэтуль працягваюцца баі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«З-пад плітаў тырчалі рукі і ногі». Сьведкі блякаднага Марыюпалю расказалі, як змаглі ўратавацца з падарванага тэатру