Зь першага дня ўварваньня Расеі на тэрыторыю Украіны дэпутат Саэймы Юрыс Юраш не знаходзіў сабе месца. І зьмяніў дзелавы гарнітур на вайсковую форму, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Мы ў Латвіі разумеем: калі мы гэтую вайну ня выйграем тут, на ўкраінскай зямлі, то прадказаць, як гэта ўсё можа разьвівацца далей, немагчыма. Гэта не вайна Ўкраіны з агрэсарам, гэта вайна ўсяго цывілізаванага сьвету з Крамлём і ваеннымі злачынцамі», — кажа Юрыс Юраш, добраахвотнік «Карпатської Січі».
Юрыс Юраш амаль 20 гадоў працаваў у праваахоўных органах. Да выбраньня у Саэйму Латвіі ён кіраваў адным з аддзелаў Бюро прадухіленьня і барацьбы з карупцыяй. Мае вайсковы досьвед. Напачатку Юрыс Юраш быў адзіным іншаземцам у складзе добраахвотніцкага батальёну «Карпатська Січ». Цяпер побач зь ім ваююць байцы з многіх краін сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь». У беларускую роту тэрабароны Ўкраіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаўКожны дзень становімся мацнейшымі
«Цяпер ёсьць ня толькі латвійцы, але і літоўцы, эстонцы, чэхі, амэрыканцы, бразыльцы, канадцы. У гэты момант ёсьць байцы з 18 дзяржаў. Мы добры прыклад, як выкарыстоўваць тых хлопцаў, у якіх гараць сэрцы і якія хочуць дапамагчы Ўкраіне, якія прыехалі сюды і не знайшлі магчымасьці праявіць сябе ў іншым падразьдзяленьні. Я адказваю за замежных хлопцаў, і мы штодня становімся мацнейшымі. Нам удасца стварыць вельмі баяздольнае падразьдзяленьне», — падкрэсьліў Юрыс Юраш.
«Убачанае шакавала»
Добраахвотніцкі батальён «Карпатська Січ» удзельнічаў у вызваленьні ад расейскіх войскаў населеных пунктаў Кіеўскай вобласьці, у прыватнасьці Ірпяня, Бравароў. Па словах байцоў батальёну, тое, што яны ўбачылі падчас абароны Кіева і Кіеўскай вобласьці — гэта трагедыя плянэтарнага маштабу, якой чалавецтва яшчэ не ацаніла цалкам. Юрыс Юраш разам з паплечнікамі пабываў у Бучы і Ірпяні пасьля адступленьня расейскіх войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сакратар Савету бясьпекі Беларусі паўтарыў тэзісы расейскай прапаганды пра падзеі ў Бучы«Гэта нелюдзі»
«Тое, што давялося пабачыць, розум адмаўляецца ўспрымаць. Ня верыцца, што ў ХХІ стагодзьдзі ўвогуле магчымая такая вайна, ужо ня кажучы пра той жах, што акупанты рабілі з цывільнымі людзьмі, як зьдзекаваліся, гвалтавалі, забівалі. Розум адмаўляецца гэта ўспрымаць. Эмацыйна гэта вельмі цяжка. Ня верыцца. Зьвяры так не паступаюць, гэта нелюдзі. Гэта шакавала ня толькі Украіну, але і ўвесь сьвет. За гэта будзе судзіць ваенны трыбунал», — кажа латвійскі добраахвотнік.
Дома Юраша чакаюць два сыны, 10 і 14 гадоў, зь якімі імкнецца размаўляць кожны вечар.
На днях ён разам з субратамі адпраўляецца на выкананьне новага баявога заданьня. У тыя мясьціны Ўкраіны, дзе дапамога вельмі патрэбная. Ён і яго таварышы разумеюць, што месяц будзе вельмі цяжкім, але байцы матываваныя.
«Мы выстаім»
«Калі хлопцам дадуць неабходныя матэрыяльна-тэхнічнае, мілітарнае абсталяваньне, зброю, то ўкраінскую армію, Украіну перамагчы нельга. Лёгка ня будзе. Няма сумневаў, што мы выстаім і захаваем украінскую незалежнасьць», — кажа Юрыс Юраш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва ЎкраінеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.