Беларускія байцы, якія змагаюцца за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі
Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч зьехаў ва Ўкраіну ў канцы 2021 году ад перасьледу ў Беларусі.
Пра першы дзень вайны Ўрбановіч успамінае так: «Спаў, чую — раз бахнула, потым другі. Мяне пабудзілі, кажуць: гэта расейскія ракеты. Залез у інтэрнэт, бачу, што Расея напала на Ўкраіну. Сталі перазвоньвацца са сваімі хлопцамі, куды далучацца. Ідзём на вайну? Ідзём, адказваюць».
Дзяніс кажа, што акурат гэтымі днямі меўся пераяжджаць у Літву, меў адтуль запрашэньне. Тым ня менш падкрэсьлівае: нават калі б зьехаў, то ўсё адно вярнуўся б назад ва Ўкраіну.
«Нас тут толькі маладафронтаўцаў сем чалавек. Усіх падрабязнасьцяў расказваць не магу, але праходзім падрыхтоўку», — кажа Дзяніс.
Урбановіч толькі што адбыў дзённы нарад. Па галасах у казарме чуваць, што хлопцы ставяцца да ўсяго з гумарком, даносіцца шмат жартаў і сьмеху. Пры кожнай паветранай трывозе зьнікае інтэрнэт.
«Настрой у нас бадзёры. Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь. Думаю, усё так і будзе. Галоўнае сёньня для нас — пакончыць з пуцінскай уладай, бо яна — апора для дыктатур і ў сябе, і ў Менску», — кажа ён.
У беларускай роце тэрытарыяльнай абароны «Азова» Ўрбановіч атрымаў пазыўны «Ваўкалак». На баявыя дзеяньні яго з таварышамі пакуль не адпраўлялі.
«Я не заўважаю, што стаўленьне да беларусаў пагоршылася. Чуў, што нехта такое гаворыць, але сам асабіста з такім не сутыкаўся нідзе. Усё крута, нас добра ўспрымаюць, ніякіх пытаньняў няма», — кажа Ўрбановіч.