Мапа марадэраў ад Калінінграду да Ўсурыйску. Што і куды расейскія салдаты перасылаюць з Мазыра і Навазыбкава. ФОТА

Расейскія салдаты, якія пасылалі вялікія пакункі зь Беларусі ў Расею. Крыніца: Беларускі Гаюн

Расейскія салдаты выйшлі з тэрыторыі паўночнай Украіны 31 сакавіка. Пасьля іхнай акупацыі некалькі гарадоў Кіеўскай вобласьці амаль цалкам разбураныя, тысячы мірных грамадзян забітыя з асаблівай жорсткасьцю і катаваньнямі.

На сваіх танках і грузавіках расейцы вывозілі, што нарабавалі ва ўкраінцаў — каштоўнасьці, грошы, адзеньне, дзіцячыя цацкі, самакаты, кандыцыянэры. Цяпер яны ўсё гэтае дабро адпраўляюць кур’ерскай службай зь Беларусі і памежнага з Украінай расейскага гораду Навазыбкава.

Адпраўленьні онлайн

На онлайн-трансьляцыі з аддзяленьня кур’ерскай службы CDEK у расейскім горадзе Навазыбкаў і сёньня відаць, як людзі ў камуфляжным адзеньні адпраўляюць пральныя машыны і іншыя буйнагабарытныя рэчы.

Людзі ў камуфляжным адзеньні адпраўляюць пральныя машыны і іншыя буйнагабарытныя рэчы. Скрыншот з камеры назіраньня ў пункце дастаўкі тавараў службы дастаўкі СДЭК ў горадзе Навазыбкаў, вул. Камсамольская-12. Час на камэры паказваецца няправільна

Навазыбкаў знаходзіцца за 70 кілямэтраў ад украінскай мяжы і за 30 ад беларускай. Паводле выданьня «Медиазона», якое аналізавала абнародаваныя беларускім блогерам Антонам Матолькам першыя відэазапісы ад 3 красавіка, расейскія салдаты працягвалі актыўна адпраўляць сваякам пасылкі ня толькі з Мазыра, але і з расейскага Навазыбкава.

Паводле «Медиазоны», гэта адбывалася 4 і 5 красавіка, а сярод пасылак журналісты пабачылі камуфляжную вопратку і офісную мэблю.

Ад відэакартаў да кандыцыянэраў і самакатаў

Журналісты «Медиазоны» спраўдзілі і пэрсанальныя зьвесткі грамадзян, якія з мазырскага аддзяленьня кур’ерскай службы CDEK адпраўлялі пасылкі з выкрадзенымі ва Ўкраіне рэчамі мірных грамадзян.

На відэазапісах у Мазыры зафіксаваныя, хутчэй за ўсё, дэсантнікі або марскія пяхотнікі, якія запакоўвалі пасылкі плёнкай і скотчам, а таксама мералі іхныя габарыты рулеткай.

«На дзявятай хвіліне відэа адзін з вайскоўцаў, які каардынуе дзеяньні сваіх таварышаў і размаўляе з работніцай CDEK, пачынае разьбіраць канвэрты і паперы на стале. На адной зь іх буйным шрыфтам запісаны імёны і нумары тэлефонаў. Адно з прозьвішчаў — Дзегцяроў — відаць досыць выразна», — піша «Медиазона».

У адпраўленьнях — відэакарта, дзьве бутэлькі (пэўна, алькаголь), электрасамакат, кандыцыянэры і акумулятары, на адным з кадраў відаць пакет з украінскага ГЦ «Эпіцентр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«„Беларускі гаюн” атрымлівае тысячу допісаў штодня». Антон Матолька пра інфармацыйную вайну беларусаў супраць расейскай арміі

Адпраўнікі і адрасы

Вага пасылак расейцаў складала ад 50 да 450 кіляграмаў. Журналісты «Медиазоны» спраўдзілі нумары адпраўленьняў на сайце CDEK — яны аказаліся сапраўднымі, былі прынятыя ў мазырскім аддзяленьні кампаніі і належаць людзям, прозьвішчы і ініцыялы якіх цалкам супадаюць з апублікаванымі зьвесткамі блогера Антона Матолькі.

«Больш за ўсё пасылак з Мазыра адпраўлена ў Рубцоўск — гэты горад пазначылі 49 з 69 адпраўнікаў. Астатнія пасылкі пайшлі ў Маскву, Чыту, Омск, Новасібірск, Пскоў, Бірабіджан і іншыя гарады Расеі. Самая сьціплая з пасылак важыць усяго тры кіляграмы, а самая вялікая — амаль паўтоны», — піша «Медиазона».

Мапа. Куды расейскія вайскоўцы дасылалі пасылкі пасьля марадэрстваў ва Ўкраіне?

Паводле калькулятара на сайце CDEK, дастаўка грузу габарытамі 120×120×80 см і вагой да 200 кг з Мазыра ў Рубцоўск каштуе 12 325 расейскіх рублёў (150 даляраў у эквіваленце). Паводле тарыфу «Пасылачка» невялікі груз да 12 кг (33×34×26 см) з Мазыра ў Рубцоўск даставяць усяго за 907 рублёў (11 даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Матолька пра нарабаванае расейцамі ва Ўкраіне і інсайды «Беларускага гаюна»