Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Беларускі гаюн” атрымлівае тысячу допісаў штодня». Антон Матолька пра інфармацыйную вайну беларусаў супраць расейскай арміі


Антон Матолька і расейскія войскі. Каляж
Антон Матолька і расейскія войскі. Каляж

Кіраўнік маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн» Антон Матолька ў інтэрвію Свабодзе расказвае пра тое, як беларускія вайскоўцы вядуць інфармацыйную вайну супраць расейскай арміі, пра рухі арміі РФ у Беларусі і датычнасьць беларускіх вайскоўцаў да дзеяньняў расейцаў супраць Украіны. 

«У Гомлі расейцы шукалі таксістаў і прапаноўвалі ім 200 даляраў, каб адвезьці пасылкі ў Бранск»

— Днямі «Беларускі гаюн» апублікаваў дадзеныя расейскіх вайскоўцаў, якія, мяркуецца, выслалі 2 тоны рэчаў зь Беларусі ў Расею. Рэчаў, нібыта нарабаваных ва Ўкраіне. Самі яны кажуць, што гэтыя тавары яны купілі ў Беларусі. Якія падставы ў вас ім ня верыць?

— Для таго каб высылаць купленае, трэба пайсьці і купіць гэта. Жыхары Гомельскай вобласьці казалі, што расейскія вайскоўцы куплялі касмэтыку сваім жонкам і сваякам. Гэта лягічна, бо беларуская касмэтыка заўсёды карысталася папулярнасьцю, была даволі недарагая. Але чамусьці не было масавых паведамленьняў пра купляньне бытавой тэхнікі, пральных машын або спліт-сыстэмаў для кандыцыянэраў. Людзі ня бачылі, каб расейскія вайскоўцы пад’яжджалі да гандлёвага цэнтру на грузавіку, каб купіць рэчы, якія пасьля адправяць у Расею.

— Ці адзінкавы гэта выпадак — Мазыр? Ці ведаеце вы пра аналягічныя выпадкі ў іншых месцах у Беларусі?

— Прыходзілі паведамленьні і зь іншых гарадоў, што там спрабуюць рознымі спосабамі перадаць рэчы зь Беларусі ў Расею. У Гомлі, напрыклад, шукалі таксістаў і прапаноўвалі ім 200 даляраў, каб адвезьці пасылкі ў Бранск. Дарэчы, пасьля публікацыі навіны нам некалькі чалавек пісалі, што таксісты, ведаючы, што адбываецца ў Беларусі, пагаджаліся, бралі рэчы і грошы і зьнікалі. Спадзяюся, што гэтыя грошы яны перадалі ўкраінскаму войску або беларускім палітвязьням. Паводле іншай інфармацыі, кіроўцы катэгарычна ня хочуць набліжацца да гэтых рэчаў, найперш таму, што баяцца радыяцыі. Бо расейцы праяжджалі праз Чарнобыльскую зону, а радыяфобія ў Беларусі — гэта важкі фактар.

— Як вы можаце пракамэнтаваць інфармацыю, якая зьявілася ў адной з карыстальніц Фэйсбука, пра нібыта канфлікт у лямбардзе з расейскім вайскоўцам, які хацеў здаць там каштоўнасьці, у тым ліку залатыя зубы? Ці давялося вам сустрэць пацьверджаньне гэтай гісторыі?

— Калі шчыра, то гэта вельмі падобна да фэйку, бо надта ж калярова і падрабязна апісаныя некаторыя рэчы. Але я не магу адмаўляць, што такога няма. Калі мы будзем гаварыць пра скупку золата, то ў лякальных групах у Брагіне або ў Нароўлі на мінулым тыдні зьявіліся абвесткі пра скупку золата, прычым вагою ад 50 грамаў. Такой колькасьці золата ў гэтых краях ніколі не было, і відавочна, што яны яго не прадаюць кожны дзень. Я так разумею, што попыт спараджае прапанову і зьявіліся гандляры-перакупшчыкі, якія разумелі, куды трэба ісьці з таргетаванай рэклямай. Таму гэта ўскосна сьведчыць, што вывозяць і спрабуюць прадаць па-хуткаму. Таксама была інфармацыя пра кірмаш у Нароўлі, дзе прадавалася скрадзеная расейскімі войскамі тэхніка. Мы спрабавалі, але так і не змаглі вэрыфікаваць гэтую інфармацыю. Акурат сёньня ці на днях мы апублікуем фатаздымкі, на якіх відаць, што яны перавозяць на машынах розныя рэчы, перамотваюць іх жгутом і едуць па тэрыторыі Беларусі.

— Вы публікуеце нумары іх тэлефонаў і пэрсанальныя дадзеныя. Ці была ад іх нейкая рэакцыя ў ваш адрас?

— Ніхто не зьвяртаўся і не прасіў прыбраць інфармацыю з прычыны яе недакладнасьці або таму, што гэта фэйк.

— Як вы самі сабе тлумачыце іх дзеяньні? Цяжка ўявіць прафэсійную армію, якая займаецца такімі рэчамі. Зразумела, што ў XXI стагодзьдзі такую інфармацыю немагчыма схаваць. Паўсюль ёсьць камэры, людзі са смартфонамі, хтосьці камусьці раскажа.

— Прагучала добрая фраза пра прафэсійнае войска. Расея за гэты месяц зь нечым паказала, наколькі іхная армія, якую яны намагаліся паказаць ледзь не другой па магутнасьці ў сьвеце, наколькі яна непрафэсійная і наколькі нізкая ў сваіх маральных якасьцях. Нават і ў ваенных правілах. Фатаздымкі і відэа з прадмесьцяў Кіева ўсё тлумачаць лепш за іншыя словы. Каб рэпутацыя была, яе трэба заслужыць. Калі мы гаворым пра расейскую армію, то ніякай рэпутацыі там няма даўно.

«Да гэтай пары мы ня бачым запускаў ракет зь Беларусі»

— Другога красавіка вы пісалі, што зь Беларусі не запушчана аніводнай ракеты па Ўкраіне. Ці зьмянілася нешта?

— Да гэтай пары мы ня бачым запускаў ракет. Мы бачылі, што «Іскандэры» перавозілі ў паўночную частку Беларусі, па трасе з Мазыра ў бок Магілёва або Менску. І далей іхны сьлед згубіўся.

— Як вы адсейваеце магчымую дэзынфармацыю? Ці даяце проста ўсё ў Telegram?

— Яшчэ да пачатку «Беларускага гаюна», да вайны, мы распрацоўвалі альгарытмы праверкі інфармацыі. Я б з радасьцю пра іх расказаў, але толькі калі мы вернемся ў Беларусь. Відаць, раскажам пра гэта ў нармальным унівэрсытэце журналістыкі пры БДУ, пра тое, як можна вэрыфікаваць інфармацыю ў сучасным сьвеце. Цяпер, на жаль, я не хачу пра гэта гаварыць, каб не спрашчаць працу тым, хто спрабуе скідаць нам фэйкі. Такое здараецца. Штодзённа мы атрымліваем каля тысячы паведамленьняў ад беларусаў і ўкраінцаў. Ад украінцаў пераважна падзякі. Але мы правяраем кожнае паведамленьне. Да гэтай пары на «Гаюне» не было фэйкаў; гэта сьведчыць пра тое, наколькі добра збудаваная сыстэма праверкі фактаў.

«Беларускія аэрадромы знаходзяцца фактычна пад поўным кантролем Расейскай Фэдэрацыі»

— Ці ёсьць інфармацыя, што беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у абслугоўваньні расейскіх вайсковых адзінак? А мо нават выконваюць палёты на расейскіх самалётах ва Ўкраіну, каб яе бамбіць?

— Не. Больш за тое, калі мы пачынаем гаварыць, што Беларусь дэ-факта знаходзіцца пад расейскай вайсковай акупацыяй, я прыводжу прыклад, што вайсковыя беларускія аэрадромы, якія павінны кантралявацца беларускім войскам, яны знаходзяцца фактычна пад поўным кантролем Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер мы можам гаварыць пра Баранавічы, Лунінец і Мачулішчы. Там беларускіх войскаў і афіцэраў практычна няма. А калі і ёсьць, то яны ня маюць ніякага доступу да кантролю.

Беларускія войскі былі заўважаныя толькі ў дзьвюх рэчах. Некалькі тыдняў таму прыходзілі паведамленьні пра тое, што беларускія салдаты тэрміновай службы мыюць пад Хойнікамі, Нароўляй і Брагінам расейскую вайсковую тэхніку. Гэта вельмі кепская навіна, бо па факце яны працуюць у зоне адчужэньня, якая вельмі моцна забруджаная пасьля аварыі на ЧАЭС. Там праца павінна адбывацца пасьля адпаведнай падрыхтоўкі. А па чутках, якія ў нас ёсьць, гэтая тэхніка выкарыстоўвалася ў Рудым лесе. Гэтым хлопцам вельмі рэкамэндуецца пайсьці да анколягаў пасьля вяртаньня.

Учора-пазаўчора мы ўпершыню ўбачылі, што беларускія тралы на базе МАЗ, зь беларускімі нумарамі, перавозяць беларускую тэхніку. Але цікава, што яны яе падвозяць у бок Украіны, у бок чыгуначных шляхоў. З таго, што мы бачым, яны дапамагаюць вывозіць расейскую тэхніку з Украіны. Гэта максымум удзелу беларускіх войскаў, які мы цяпер назіраем. А рэшта кіруецца і кантралюецца Крамлём, Мінабароны РФ.

— Ці валодаеце вы інфармацыяй пра беларускія вайсковыя адзінкі, якія ўсё яшчэ застаюцца на мяжы з Украінай?

— Там былі вучэньні і была ратацыя групаў, якія займаліся аховай мяжы. Украінскія СМІ паведамлялі, што яны вось-вось пяройдуць мяжу і гатовыя нападаць. Але ўся нашая інфармацыя ад беларусаў такая: яны расказвалі, што тыя БМП і танкі закопвалі ў зямлю ў абарончай пазыцыі, то бок дулам у бок Украіны. І паміж беларускай тэхнікай і ўкраінскай мяжой была яшчэ нейкая перашкода. Рэчка, ці нешта яшчэ, што давялося б перасякаць войскам. Таму на гэты момант мы можам упэўнена сказаць, што беларускія войскі займаюцца менавіта аховай мяжы з боку Ўкраіны. Большасьць ахоўвала з боку Берасьцейскай вобласьці, дзе было менш расейскіх войскаў. З учорашняга дня адбываецца ратацыя 120-й брыгады, а прыяжджае 6-я, ці то са Слоніма, ці то з Горадні. Яны рухаюцца з боку Берасьцейскай вобласьці ў Гомельскую. Пэўна, гэта зьвязана з вывадам расейскіх войскаў. Ёсьць страх, што будзе контранаступ. Была вельмі вялікая актыўнасьць пасьля выбуху ў Белгарадзе. Літаральна ў той самы дзень былі адпраўленыя ракетныя комплексы С-300 зь Менскай вобласьці на поўдзень Беларусі. Найхутчэй, у бок Лунінца. Яны сапраўды баяцца ці Лунінца, ці Мазырскага НПЗ. Як сказаў адзін наш экспэрт, нехта моцна наклаў у порткі пасьля гэтых паведамленьняў.

«Адна з прычын вываду расейскіх войскаў зь Беларусі тая, што вельмі шмат беларусаў паведамляе, што адбываецца»

— Але ці стала ў Беларусі менш расейскіх салдатаў?

— Паводле апошніх дадзеных, мы мяркуем, выехала прыблізна ад паловы да 70% расейскіх войскаў, якія былі ад пачатку вайны ва Ўкраіне. Але адбываецца пэўная ратацыя, прыяжджаюць новыя войскі. Праз пару дзён нам будзе лягчэй падлічыць. Таксама мы разьлічваем на спадарожнікавыя здымкі ад кампаніі Maxar і іншых. Бо вельмі шмат тэрыторый перакрыта, стаяць блёк-пасты ў Гомельскай вобласьці. Літаральна ўчора забаранілі наведваць ельскія лясы. Думаю, што адна з прычын вываду расейскіх войскаў зь Беларусі — тая, што вельмі шмат беларусаў паведамляе, што адбываецца. Мы гэта заўважылі пару тыдняў таму, калі зь Ліды перагналі самалёты спачатку ў Лунінец, а потым у Расею. І празь Беларусь, праз Добрускі раён, яны заляталі на тэрыторыю Ўкраіны, каб бамбіць украінскія гарады. Бо калі вылятаюць зьнішчальнікі, ва ўкраінцаў ёсьць каля 30 хвілін, каб падрыхтавацца. Беларусы адразу пра гэта паведамляюць, мы хутка пішам, і ўкраінцы маюць больш часу, каб быць больш падрыхтаванымі. Расейцы, бадай, не спадзяваліся, што Беларусь настолькі іх ня ўспрыме і ня стане на бок Расеі ў гэтай вайне.

— Наколькі рэальная шкода была нанесеная падчас так званай рэйкавай вайны? Ці адчулі гэта расейскія войскі?

— Магчыма, гэта не выглядае так, як мы ўяўляем у сваіх фантазіях, калі цягнікі ідуць пад адхон або выбухаюць. Але гэтая гісторыя з вывядзеньнем са строю панэляў кіраваньня, так званых шафаў, яна спрацавала вельмі добра. Абсталяваньне ня самае дарагое, але з вывядзеньнем з працы кантролераў цягнікі ня могуць перамяшчацца хутка. А па-другое, ня так шмат спэцыялістаў і саміх рамонтных камплектаў. Яны могуць каштаваць няшмат, але іх няма чым замяніць. Дзесьці з другога тыдня вайны пераход вайсковых эшалёнаў абмежаваны па ўчастках гомельскай чыгункі. Ад Гомля да Ельску і яшчэ аднаго гораду. І вельмі доўга не было нармальных зносін з Лунінцам. Пачалі езьдзіць літаральна пару дзён таму. Магчыма, гэта не выглядае, як у кіно, але яно працуе. Людзі, якія гэта робяць, рызыкуючы сваім жыцьцём і свабодай, яны таксама перадвызначылі вырашэньне сытуацыі на паўночным фронце. Тыя ўкраінцы, якія ў тэме, яны разумеюць, наколькі гэта важна.

— ТГ-канал «Беларускі гаюн» стаў адным з самых папулярных беларускіх каналаў. Нюанс у тым, што ён грунтуецца на інсайдах і інфармацыі ад чытачоў. Як, на тваю думку, магчыма, што амаль праз 2 гады рэпрэсій беларусы не баяцца дасылаць інфармацыю тэлеграм-каналам?

— Для Беларусі ёсьць тры факты, культурныя коды: гэта вайна, Чарнобыль і Лукашэнка. Для многіх гэта боль. І калі гэтыя фактары зьмяшаліся, людзі разумеюць, што бяз зброі няма сэнсу класьціся пад танк. Гэты танк пераедзе і ня спыніцца. Але калі яны прынамсі могуць дапамагчы інфармацыяй, то яны гэта зробяць. Ёсьць таксама паняцьце рэпутацыі. Увесь гэты час я імкнуўся не падставіць тых, хто нам дапамагае. Мы не выкладалі фота і відэа, калі разумелі, што гэта можа пагражаць крыніцы. Мы імкнуліся абараніць людзей, наколькі гэта магчыма. 90% відэа або здымкаў, якія ў нас ёсьць, мы не публікуем, бо разумеем, што гэтых людзей могуць затрымаць. З аднаго боку, ёсьць разуменьне, наколькі важна дапамагаць ня толькі ўкраінцам, але і сабе, бо лёс Украіны ўплывае на лёс Беларусі. З другога боку, гэта давер і жаданьне дапамагчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG